У Бельгіі жыхарам краіны будуць выдаваць таблеткі ад радыяцыі

29/04/2016 - 11:54

Урад Бельгіі прыняў рашэнне аб раздачы ўсяму насельніцтву краіны таблетак з высокім утрыманнем ёду, якія патрэбныя для абароны ад радыяцыі. Паводле міністра аховы здароўя Мэгі дэ Блок, раней зона прафілактычнага размеркавання таблетак ад радыяцыі складана 20 км у радыусе ад АЭС. Цяпер гэтая адлегласць павялічыцца да 100 км.

Улічваючы размяшчэнне АЭС у краіне, у патэнцыйна небяспечнай зоне апынулася ўсё насельніцтва. Мяркуецца, што гэтая мера пачне дзейнічаць з наступнага года, перадае ВВС.

Такое рашэнне бельгійскі ўрад прыняў падчас абмеркавання сітуацыі вакол японскай АЭС Фукусіма, дзе ў 2011 годзе ў выніку землятрусу адбылася аварыя.

Усяго ў Бельгіі працуе сем атамных рэактараў на дзвюх АЭС — у горадзе Дул на поўначы і Тыянж на поўдні краіны, а таксама яшчэ адзін рэактар у цэнтры ядзерных даследаванняў у горадзе Мол.

Раней суседнія Нідэрланды, Люксембург і Нямеччына звярнуліся да Бруселя з патрабаваннем прыпыніць працу ядзерных рэактараў, дзе былі зафіксаваныя збоі ў працы. У прыватнасці, міністр навакольнага асяроддзя Нямеччыны Барбара Хендрыкс заклікала Бельгію часова прыпыніць эксплуатацыю аднаго з рэактараў АЭС Дул і энергаблока Тыянж датуль, пакуль не будуць дадзеныя доказы іх бяспекі. Брусель адказаў адмовай.

Праца на гэтых АЭС прыпынялася ў 2012 годзе, калі ў сценах рэактараў былі знойдзеныя расколіны.

Кіраўнік “Партыі зялёных” Бельгіі Жан-Марк Ноле падтрымаў ініцыятыву ўраду краіны аб раздачы насельніцтву таблетак, але падкрэсліў, што гэта недастатковы захад для абароны людзей ад магчымых наступстваў радыяцыі.

Таблеткі з высокім утрыманнем ёду павінны абараніць шчытападобную залозу, якая церпіць ад забруджання навакольнага асяроддзя радыенуклідамі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі