У беларускіх ВНУ пачынаюцца ўнутраныя ўступныя іспыты

18/07/2018 - 07:10

18 ліпеня ў беларускіх ВНУ пачынаюцца ўнутраныя ўступныя іспыты. 

Як інфармуе БЕЛТА, у Магілёўскім інстытуце МУС, універсітэце грамадзянскай абароны МНС такія іспыты працягнуцца па 21 ліпеня. Па 26 ліпеня яны будуць ісці ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У іншых ВНУ такія іспыты скончацца 24 ліпеня.

У ВНУ сельскагаспадарчага профілю ўступныя іспыты пройдуць з 18 па 25 ліпеня (вочная форма) і з 6 па 15 снежня (завочная форма).

Залічэнне на бюджэтную форму навучання пройдзе па 28 ліпеня, у сілавых ВНУ — па 24 ліпеня, у творчых — па 28 ліпеня. "Платнікаў" у звычайных ВНУ будуць залічаць па 6 жніўня, у сілавых — па 2 жніўня, у творчых — па 3 жніўня.

Здаць дакументы на вакантныя бюджэтныя месцы дадатковага набору (як на дзённую, так і на завочную форму) у большасці ВНУ можна будзе з 30 ліпеня па 1 жніўня. Звесткі пра дадатковыя вакантныя месцы будуць апублікаваныя на сайтах ВНУ да 29 ліпеня.

Тыя, хто не здае ўнутраныя іспыты ў ВНУ, змогуць падаць дакументы ў іншыя дні. Прыём дакументаў на платнае навучанне ў вочнай (дзённай, вячэрняй) або завочнай, у тым ліку дыстанцыйнай, формах для такіх абітурыентаў пройдзе з 12 ліпеня па 4 жніўня (у сілавыя ВНУ — 12-31 ліпеня, у творчыя — з 12 ліпеня па 2 жніўня).

Завершыцца прыёмная кампанія ў ВНУ 6 жніўня — гэта будзе апошні дзень залічэння "платнікаў".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі