У Беларусі юрыдычна зарэгістраваны Нацыянальны ўніверсітэт імя Гілевіча. Відэа

27/03/2018 - 11:17

У Беларусі юрыдычна зарэгістраваная прыватная ўстанова адукацыі Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Пра гэта было паведамлена ў аўторак на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску ў офісе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ніл Гілевіч (1931 — 2016) — народны паэт Беларусі і першы старшыня ТБМ.

Як стала вядома, стваральнікі Нацыянальнага ўніверсітэта праводзяць кансультацыі ў Міністэрстве адукацыі. Мэта — атрымаць ліцэнзію і распачаць навучальны працэс (а ён будзе весціся на беларускай мове). Ідзе праца над стварэннем структуры ВНУ. Рэктарам будзе Алег Трусаў, былы кіраўнік ТБМ.

Еўрарадыё пацікавілася ў Трусава, з якіх крыніц плануецца фінансаваць універсітэт? Паводле яго слоў, патрэбна 7-8 мільёнаў долараў. Частка грошай паступіць ад студэнтаў, іншая частка — “унутраныя і замежныя гранты”. Па словах Трусава, плануецца, што ў дацэнтаў заробак будзе складаць не менш за 500 долараў.

Па словах аднаго са стваральнікаў Нацыянальнага ўніверсітэта гісторыка Паўла Церашковіча, установа збіраецца працаваць у межах стандартаў Балонскага працэсу і прадукаваць веды пра Беларусь і веды, патрэбныя для Беларусі. Адной з яе асаблівасцяў будзе акцэнт на даследчыцкай дзейнасці. Рыхтаваць студэнтаў універсітэт плануе ў шасці накірунках:


“Нацыянальнальны ўніверсітэт не можа быць без нацыянальных традыцый і гісторыі, але мы не збіраемся ствараць яшчэ адзін гістарычны факультэт. Мы будзем ствараць накірунак, які будзе займацца выкарыстаннем культурнай і гістарычнай спадчыны. У нас дастаткова шмат добрых гісторыкаў, у нас, на жаль, не хапае менеджараў, якія здольныя з нашай гісторыка-культурнай спадчыны зрабіць эканамічны рэсурс, як гэта зроблена ў большай частцы еўрапейскіх краін”.

Павел Церашковіч крайні злева

Сярод іншых напрамкаў, якімі будзе займацца новая навучальная ўстанова — рэгіяналістыка (вывучэнне бліжэйшых суседзяў і краін-асноўных гульцоў у свеце), урбаністыка, медыя, менеджмент і беларуская мова. Стваральнікі плануюць адкрыць  56 спецыяльнасцяў, якія будуць выкладацца ў межах трох факультэтаў — гуманітарнага, замежных моваў і перакладу і культуралогіі і мастацтваў.

У бліжэйшых планах стваральнікаў Нацыянальнага ўніверсітэту зацвярджэнне рэктара і атрыманне ліцэнзіі на выкладанне. Калі гэта атрымаецца, то сёлета ўстанова адкрые падрыхтоўчыя курсы, а праз год набярэ першых студэнтаў.

Старшыня ТБМ Алена Анісім спадзяецца, што Нацыянальны ўніверсітэт стане прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Сын Ніла Гілевіча, Сяргей Гілевіч, кажа, што ён і яго сваякі вельмі ганарацца тым, што ў Мінску зявіўся беларускамоўны ўніверсітэт імя яго бацькі

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі