Лабараторыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Камітэт судовых экспэртызаў прапанаваў праводзіць геномную рэгістрацыю грамадзянаў Беларусі. Але сілавікі ўжо збіраюць такія ўзоры ДНК некалькі гадоў, не чакаючы зменаў у заканадаўства, паведамляе Радыё Свабода.
Журналістам вядомыя як мінімум некалькі канкрэтных выпадкаў, калі ўзоры ДНК бралі ў сваякоў журналістаў, якія вымушана працуюць з-за мяжы Беларусі. Першыя такія выпадкі былі ў 2024 годзе.
"Супраць мяне ініцыявалі палітычна матываваную крымінальную справу. Выклікалі маці ў Следчы камітэт. Праз нейкі час пасля гэтага яе зноў выклікалі ў СК для здачы ДНК. Яна тады была за горадам і сказала, што не можа сама прыехаць. Дык следчыя СК прыехалі да яе ў вёску і на месцы ўзялі сліну. Сказалі яшчэ нешта кшталту: "Калі з вашым сынам нешта здарыцца, так яго лягчэй можна будзе апазнаць", — расказаў журналіст недзяржаўнага медыя.
Пра падобную працэдуру з яе бацькамі раскала і яшчэ адна журналістка. Іх выклікалі ў следчы камітэт, заявіўшы, што патрэбная дНК іхнай дачкі. "Калі бацькі спыталі, ці могуць яны адмовіцца ісьці ў Следчы камітэт для здачы ДНК, следчыя адказалі, што яны ўсё адно возьмуць у іх аналіз", — кажа журналістка.
Дарэчы, ДНК-звесткі ўжо цяпер збіраюць у асуджаных па палітычных справах. А ў некаторых выпадках — і ў сваякоў палітуцекачоў, якія пакінулі Беларусь. Пра гэта Свабодзе расказаў юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.
У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул 203-1: "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных". За гэта пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі, калі гаворка ідзе не пра службовую асобу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут