У Беларусі дадалося восем новых палітвязняў

03/03/2021 - 15:35

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек. Гэта Вікторыя Кульша, Сяргей Міраеўскі, Рыгор Давыдаў, Аляксей Беразінскі, Уладзімір Рубашэўскі, Сяргей Салоха, Марэк Сірадзэ, Віталія Бандарэнка.

Вікторыі Кульшы выставілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Сяргей Міраеўскі атрымаў "хімію", а астатнія былі асуджаныя да пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі").

"Мы ацэньваем пераслед Вікторыі Кульшы, Сяргея Міраеўскага, Рыгора Давыдава, Аляксея Беразінскага, Уладзіміра Рубашэўскага, Сяргея Салохі, Марэка Сірадзэ, Віталіі Бандарэнка як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі", — гаворыцца ў заяве, якую публікуе праваабарончы сайт "Вясна".

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў з-пад варты і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых на мірных паслявыбарчых акцыях, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, РГА "Прававая ініцыятыва”, простае таварыства "Ініцыятыва FORB", цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман Канстанта".

Агулам у Беларусі на сёння налічваецца 270 палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі