У абароце ў Беларусі могуць быць падробленыя купюры наміналам 20 рублёў. Фота

22/02/2017 - 06:12

У абароце ў Беларусі могуць быць падробленыя купюры наміналам 20 рублёў. Пра гэта папярэджвае Следчы камітэт. Яны маюць серыйны нумар "СК 8387976" (банкноты ўзору 2009 года).

Як інфармуе афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксей Клімовіч, у сталіцы распачатая крымінальная справа ў адносінах двух мужчын, якія падазраюцца ў вырабе ў студзені-лютым 2017-га з мэтай збыту каля 200 адзінак падробленых 20-рублёвак. Імі яны разлічваліся ў крамах, маршрутных таксі, у кіёсках "Мінсктрансу", калі набывалі недарагія тавары і, такім чынам, разменьвалі фальшывыя грошы. Частку гэтых фальшывак праваахоўнікі ўжо знайшлі.

Следчы камітэт прапануе грамадзянам зверыць нумары наяўных у іх купюр наміналам 20 рублёў з серыйным нумарам фальшывак. У выпадку іх супадзення прапануецца тэлефанаваць па наступных тэлефонах: 8 (017) 252-02-02, 8 (017) 256-14-34.  

Прэс-служба МУС дадае, што падробленыя банкноты высокай якасці. У канцы студзеня былі зафіксаваныя 19 выпадкаў іх выяўлення падчас падліку грашовай выручкі. Спачатку міліцыя затрымала 26-гадовага мінчука, які аказаўся збытчыкам фальшывак (раней ён неаднаразова быў асуджаны). Ён распавёў, што атрымаў іх ад нейкага Дзмітрыя, з якім пазнаёміўся ў сацсетках. Той прапанаваў зарабіць на рэалізацыі падробленых грошай. Атрыманую рэшту яны дзялілі паміж сабой.

Падпольную друкарню знайшлі на лецішчы ў Смалявіцкім раёне. Пакуль байцы ўнутраных войскаў урываліся ў дом, фальшываманетчык спрабаваў спаліць у печы каля 200 фальшывак і загатоўкі на паперы фармату А4. Былі знойдзены прыстасаванні для друкавання грошай, адсканаваныя выявы купюр наміналам 20 і 100 рублёў. Адзначаецца, што мужчына падчас вырабу фальшывак эксперыментаваў, спрабуючы дасягнуць пэўнай шчыльнасці, падобнай на арыгінал. Кожная купюра атрымлівалася больш дасканалая, чым папярэдняя.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі