У ААН прызналі затрыманне беларускага журналіста парушэннем міжнароднага права

11/10/2023 - 07:17

Ігар Лосік 

Беларускія ўлады парушылі міжнароднае права, кінуўшы за краты журналіста Ігара Лосіка. Да такой высновы прыйшла рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па адвольных затрыманнях, перадае Радыё "Свабода".

У ААН прыйшлі да высновы, што "арышт і затрыманне спадара Лосіка грунтаваліся выключна на яго журналісцкай дзейнасці і рэалізацыі ім свабоды выказвання меркаванняў і асацыяцый". Так у ААН адказалі на судовую петыцыю праваабарончай арганізацыі Freedom Now і міжнароднай юрыдычнай фірмы Dechert LLP.

Каментуючы адказ ААН, супрацоўнік прававога аддзелу Freedom Now Адам Лхедмат заявіў: "На жаль, Ігар толькі адзін з многіх журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў краіне, якая неаднаразова выкарыстоўвала судовую сістэму для пакарання іншадумства. Заклікаем урад выканаць рашэнне Рабочай групы і неадкладна вызваліць Лосіка".

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. Да арышту ён працаваў кансультантам Радыё "Свабода" і кіраваў інфармацыйным тэлеграм-каналам "Беларусь галаўнога мозгу". У снежні 2021-га яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі. За кратамі палітвязень некалькі разоў праводзіў галадоўкі.

Жонку Ігара Дар'ю Лосік асудзілі ў студзені 2023-га на два гады пазбаўлення волі за тое, што называла мужа палітвязнем і змагалася за яго вызваленне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі