TUT.BY: БСБ Банкам будуць кіраваць былыя кіраўнікі Нацбанка

03/08/2017 - 18:54

Былыя кіраўнікі Нацбанка цяпер будуць кіраваць БСБ Банкам. Старшынёй праўлення прызначаны Сяргей Дубкоў, у назіральную раду ўвойдзе Надзея Ермакова, паведамляе tut.by са спасылкай на некалькі інфармаваных крыніцаў. 

Паводле неафіцыйных звестак, прыход гэтых банкіраў павінен супакоіць рынак і надаць імпульс у развіцці БСБ Банка. Гутаркі пра змену акцыянераў банка не ідзе.

Як паведамлялася раней, напрыканцы чэрвеня Нацбанк адклікаў у БСБ Банка ліцэнзію на працу з фізічнымі асобамі. У выніку яны знялі з рахункаў каля 55 млн рублёў. Аўдытары меркавалі, што існуе рызыка далейшага адтоку сродкаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў з банку. 

Сяргей Дубкоў пераходзіць у БСБ Банк з пасады намесніка старшыні праўлення Белінвестбанка, якую ён займаў каля двух гадоў. Да гэтага ён 17 гадоў працаваў на кіруючых пасадах у Нацбанку, у тым ліку 2010 па 2015 год быў намеснікам старшыні праўлення. 

Надзея Ермакова кіравала Нацбанкам з 2011 па 2014 год. Да таго яна 15 гадоў кіравала Беларусбанкам. З 2015 года Ермакова з'яўляецца старшынёй назіральнай рады Банка БелВЭБ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі