Тры гісторыі ўцекачоў, якія бягуць ад нядолі ў Еўропу

23/09/2015 - 10:07

Аімаль. Афганістан

Малады афганец Аімаль жыў у Кандагары. Ён уладкаваўся ў дзяржаўную будаўнічую кампанію перакладчыкам і жыў ціхім незаўважным жыццём. Ён звыкся з тым, што ў іх краіне неспакойна, але яго і яго сям’ю гэта ніколі не закранала. А потым у дом Аімаля прыйшлі баевікі “Талібана”. Яны шукалі хлопца і хацелі забіць за супрацоўніцтва з дзяржавай. Аімаль вырашыў бегчы.

“Я ўзяў джынсы, куртку, трохі ежы, вопраткі і вады, ніякіх кніг, нічога лішняга. З Кандагара ў Кабул — сталіцу Афганістана, адтуль у Іран, з Ірана ў Стамбул. Са Стамбула ў Сафію, адтуль у Сербію, і вось мы ў Венгрыі”, — распавядае афганец.

Аімаль (у цэнтры) на вакзале Будапешта. Ён папрасіў не паказваць яго твар. Фота: batenka.ru

Ён дабраўся да Будапешта і збіраецца ў Германію. У яго там жывуць сваякі. Але галоўнае, што там можна спакойна працаваць. Ён хоча мірнага жыцця без вайны, хоча жыць і ведаць, што “ўначы “Талібан” да цябе не прыйдзе”.

Будапешт. Вакзал. Фота: batenka.ru

“Я б хацеў прыехаць у Германію і працаваць. Пакуль не ведаю, дзе. На жаль, вучыцца я не магу, мне трэба дапамагаць сям’і — у гатэлі, клеркам, перакладчыкам — кім заўгодна. Усе едуць у Германію, таму што яна прымае бежанцаў. У іншых краінах людзі чакаюць па некалькі гадоў, там усялякія праблемы. А ў Германіі няма — усе, у каго я пытаўся, казалі, што хочуць у Германію”, — кажа Аімаль.

Ён амаль “класічны” ўцякач. Яго жыццю пагражае канкрэтная небяспека. У яго ёсць нават доказы — напрыклад, ліст аб вышуку, сведчанні відавочцаў, апісвае яго гісторыю batenka.ru.

Абдэль Махсэн. Сірыя

Гісторыя гэтага чалавека стала сімвалам драмы сірыйскіх бежанцаў. Абдэль Махсэн быў прадстаўніком сярэдняга класа ў Сірыі і ўсё жыццё працаваў футбольным трэнерам. Але ў 2011-м праз рэвалюцыю, як праціўнік Асада, ён пакідае сваю пасаду і пачынае хавацца па розных гарадах Сірыі.

Аднойчы горад, дзе жыў Абдэль, захапілі баевікі “Ісламскай дзяржавы”. А ў аднаго з яго сыноў стрэлілі на ганку ўласнага дома, куля патрапіла хлопчыку ў нагу. Абдэль вырашыў пакінуць краіну разам з сям’ёй.

Абдэль Махсэн з малодшым сынам Заідам. Фота: з архіва А.Махсэна

Мужчына кажа, што збег ад дзвюх бедаў — рэжыму Асада і “Ісламскай дзяржавы”. Ён уцякае са сваёй жонкай і чатырма дзецьмі ў турэцкі горад Мерсін. Там уладкоўваецца на працу фізіятэрапеўтам у шпіталь і нават стварае футбольны клуб пад назвай “Каманда надзеі”, які бярэ ўдзел у некалькіх таварыскіх матчах.

Аднак кошт жыцця ў Турцыі аказваецца надта высокім, а заробак у шпіталі выплачваюць нерэгулярна. Абдэль Махсэн вырашае з’ехаць да свайго старэйшага сына, які ўжо пэўны час знаходзіцца у Германіі. Мужчына бярэ з сабой малодшага сына, сямігадовага Заіда. Жонка з двума іншымі дзецьмі пакуль застаюцца ў Турцыі.

Шлях да Германіі ляжаў праз Сербію і Венгрыю. Да Бялграда мужчына дабіраецца амаль без праблем, але на сербска-венгерскай мяжы стала цесна. “На маленькім кавалачку зямлі сабраліся сотні чалавек. Было брудна і халодна”, — распавядае мужчына. Бежанцы хацелі паспець дабрацца да мяжы да таго, як яе закрыюць.

Калі Абдэль узяў свайго сына на рукі і пабег, яму падставіла падножку венгерская журналістка, і ён упаў. Спачатку бацька аблаяў аднаго з паліцэйскіх, які быў паблізу. “Я думаў, што гэта ён падставіў мне падножку. Я не мог уявіць сабе, што журналістка магла зрабіць такое”, — кажа ён.

Венгерская журналістка ставіць падножку Абдэлю Махсэну з маленькім сынам на руках. Фота: Reuters

Урэшце бацьку і сына адвезлі на аўтобусе ў Аўстрыю, а адтуль у Мюнхен. “Немцы прынялі нас найлепшым чынам. Гэта стала вялікім палёгкай”, — прыводзіць словы Абдэля Махсэна нямецкае выданне Deutsche Welle.

Праз некаторы час Філіял Нацыянальнага цэнтра падрыхтоўкі футбольных трэнераў у мадрыдскім прыгарадзе Хетафе прыняў сірыйца з сям’ёй. Чакаецца, што ён прыступіць да сваіх новых абавязкаў найбліжэйшым часам. А пакуль яго маленькага сына вывеў на адзін з матчаў іспанскага чэмпіянату знакаміты гулец “Рэала” Раналду.

Абдула Курдзі. Сірыя

Гісторыя Абдулы ўзрушыла ўсю Еўропу. Шмат хто змяніў сваё стаўленне да ўцекачоў даведаўшыся пра яго лёс і лёс яго сям’і.

Мужчына з сям’ёй уцёк з Сірыі, ратуючыся ад экстрэмізму, які чыніла “Ісламская дзяржава”, яшчэ ў мінулым годзе. Яны жылі ў Турцыі і спрабавалі атрымаць канадскую візу, каб пераляцець туды да сваякоў. Жыццё было вельмі цяжкім, часам даводзілася спаць на працы, бо не было магчымасці здымаць жыллё.

Абдула з сынамі. Фота: з архіва А.Курдзі

У чэрвені ў візе ім было адмоўлена. І сям’я вырашыла рухацца ў Еўропу. Яны заплацілі кантрабандыстам, якія мусілі на лодцы па моры перавезці сям’ю ў Грэцыю, піша Daily Mail.

Падчас марскога падарожжа падняліся высокія хвалі, капітан лодкі запанікаваў і скокнуў у мора. Праз пэўны час яна перакулілася, і ўсе 17 чалавек апынуліся ў вадзе. На дзецях не было ратавальных камізэлек.

— Была абсалютная цемра. Я трымаў сваю жонку за руку, а дзеці проста выслізнулі ў мяне з рук. Мы спрабавалі чапляцца за лодку, але яе моцна кідала на хвалях, — распавядае Абдула Курдзі.

Падчас гэтага здарэння ў Абдулы загінулі і жонка, і абодва дзіцяці. Іх целы выкінула на пляж папулярнага турэцкага курорта Бодрум, што выклікала вялікі рэзананс у заходніх медыях.

— Цяпер я хачу аднаго — пахаваць сваю сям’ю на Радзіме, — кажа Абдула.

Галоўнае фота: batenka.ru

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі