Трамп падпіша новы закон аб санкцыях ЗША супраць Расіі

29/07/2017 - 09:26

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагадзіўся падпісаць закон аб новых санкцыях супраць Расіі. Як заявіла прадстаўніца Белага дому Сара Хакабі Сандэрс, Трамп азнаёміўся з канчатковай версіяй і, паколькі яго заўвагі былі ўлічаныя, ухваляе законапраект.

Абедзве палаты амерыканскага кангрэса раней падтрымалі законапраект, які таксама ўключае меры супраць Ірану і Паўночнай Карэі. Аднак у ЗША асцерагаліся, што Трамп накладзе вета на гэты дакумент. Раней ён спрабаваў наладзіць адносіны з Расіяй, аднак эксперты адзначаюць, што адмова падпісаць новы закон справакуе падазрэнні ў сувязях Трампа з Крамлём падчас выбарчай кампаніі.

Новы закон адметны тым, што ён пазбаўляе прэзідэнта магчымасці адмяняць санкцыі супраць Расіі без згоды кангрэсу. Дакумент прадугледжвае ўвядзенне абмежаванняў супраць інвестараў з любой краіны, напрыклад, за ўдзел у будоўлі расійскіх экспартных трубаправодаў. Апроч таго, там згадваецца неабходнасць дапамагаць Украіне ў захаванні энергетычнай бяспекі. Дзеля гэтага амерыканскі бок павінен супрацьдзейнічаць будаўніцтву газаправода “Паўночны паток — 2” з Расіі па дне Балтыйскага мора ў Нямеччыну, перадае ВВС.

Расія тым часам увяла свае санкцыі супраць амерыканскіх дыпламатаў: ім забаранілі карыстацца дачай у Сярэбраным бару і складам у Маскве. Таксама расійскія ўлады прапаноўваюць скараціць колькасць персаналу ў амерыканскіх дыпламатычных установах па ўсёй Расіі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі