Трактары ці танкі: чаго больш Беларусь прадала ў Судан

17/01/2017 - 10:33

17 студзеня Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візітам у Судане. На перамовах з кіраўніцтвам краіны ён абмяркоўвае пастаўкі лекаў, здабычу карысных выкапняў і супрацоўніцтва ў сферы IT. Але ёсць і іншы бок эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Судана, пра які ў СМІ не будзе ні слова, мы з'яўляемся пастаўшчыком зброі ў гэтую афрыканскую краіну.

Згодна са справаздачамі ААН, Беларусь пачала гандляваць зброяй з Суданам у 1996 годзе. Першыя пастаўкі: 9 танкаў Т-55 і 6 верталётаў Мі-24В. Крыніцай гэтых і ўсіх іншых узбраенняў, якія, па дакументах ААН, ідуць з Беларусі ў Судан, пазначаная Расія.

Агулам: 235 адзінак узбраенняў. Інфаграфіка: ААН.

Колькі і чаго Беларусь паставіла ў Судан з 1996 года (звесткі ААН):

1996 год: 9 танкаў Т-55 і 6 верталётаў Мі-24В;
1999 год: 40 танкаў Т-55М;
2001 год: 20 танкаў Т-55М;
2002 год: 8 гаўбіц Д-30 і 6 установак "Град";
2003 год: 9 БМП-2, 39 БРДМ-2, 16 гаўбіц Д-30, 9 гаўбіц 2С1 "Гваздзік", 12 рэактыўных установак залпавага агню, 10 мінамётаў.

30 ліпеня 2004 года ААН забараніла пастаўляць зброю ў Судан, бо там пачалася грамадзянская вайна. Эмбарга дзейнічае дагэтуль. Але гандаль працягнуўся. Што праўда, цяпер пра яго пачалі больш пісаць не ў ААНаўскіх дакументах, а ў справаздачах праваабарончых арганізацый. Напрыклад, у справаздачы кампаніі human rights first сказана, што за 2004-2006 год Беларусь у абыход эмбарга ААН прадала ў Судан 41 баявую машыну і 12 вайсковых самалётаў. 

Справаздача ААН за 2004 год: 21 БРДМ-2, 7 БТР-80, 10 БТР-70, 1 БМП-1. У 2005 і ў 2006 годзе — цішыня. Але гандаль узнаўляецца ў 2007 годзе, калі ААН зафіксавала продаж з Беларусі ў Судан двух БТР-70. А на Wikileaks апублікаваны дакумент, з якога вынікае, што ў чэрвені 2006 года Беларусі і Судан падпісалі пратакол аб вайсковым супрацоўніцтве.

Што было далей:

2008 год: 11 Су-25;
2009 год: 3 Су-25;
2010 год: 1 Су-25.

У 2011 і 2012 годзе, па звестках ААН, Беларусь не прадавала зброю ў Судан. На 2012 годзе статыстыка заканчваецца.

Затое з 2012 года пачынаецца статыстыка продажу ў Судан беларускіх трактароў:

2012 год: 258 трактароў;
2013 год: 255 трактароў;
2014 год: 153 трактары;
2015 год: 57 трактароў;
2016 год: 123 трактары.

Агулам: 846 трактароў. У 3,5 разы больш, чым рознай зброі. І гэта выдатна: усё ж такі лепш імідж гандляра сяльгастэхнікай, чым гандляра танкамі і знішчальнікамі. Хаця б афіцыйна.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі