Каардынатара суполкі вулічных мастакоў Signalproject Алега Ларычава асудзілі на пяць сутак арышту. Такі прысуд 28 красавіка вынес суд Мінска.
Ларычава судзілі за дробнае хуліганства — нібыта ён лаяўся матам і парушаў грамадскі парадак. Сам хлопец кажа, што ўвечары 26 красавіка толькі выйшаў з кавярні, калі яго ўжо чакалі два амапаўцы і мікрааўтобус.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей супакойвае суседнія дзяржавы з нагоды беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2017”. Па яго словах, яны не маюць агрэсіўнага характару і не нясуць ніякай небяспекі. Пра гэта міністр заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу Мір.
Акрамя таго, Макей нагадаў, што Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, у якой не было ніякіх узброеных канфліктаў. Таму наша краіна можа адыграць важную ролю ў захаванні стабільнасці ў рэгіёне.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пацвердзіла затрыманне п’яным за рулём начальніка Столінскай міліцыі. Па словах афіцыйнага прадстаўніка ведамства Канстанціна Шалькевіча, здарылася гэта 22 красавіка ў вёсцы Галева пад Пінскам.
Аўтамабіль LandRover, якім кіраваў падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Філіпчык, спыніла рэйдавая група, у склад якой уваходзілі супрацоўнікі ДАІ, МУС, а таксама ідэолагі з Брэсцкага аблвыканкама.
За час дзеяння так званага “дэкрэта аб дармаедах” беспрацоўных у Беларусі стала больш на 4 тысячы. Гэта вынікае з апошніх дадзеных Белстату.
Калі ў 2015 годзе ў Беларусі афіцыйна не мелі працы 39 тысяч чалавек, то сёлета ― ўжо 43 тысячы.
Лявон Вольскі выпусціў кліп, у якім зняліся яго фанаты разам з музыкамі з розных краін.
Гаворка ідзе пра кліп на песню “Спявайце” з апошняга альбома “Псіхасаматыка”, які зняў рэжысёр Мацвей Сабураў. У роліку зняліся прыхільнікі Вольскага, якія ахвяравалі грошы для выпуску альбома, а таксама музыкі з Беларусі, Украіны, Літвы, Германіі ды Расіі.