Топ-5: навіны 26 красавіка

26/04/2017 - 18:52

Фотарэпартаж з мінскага "Чарнобыльскага шляху"

26 красавіка ў Мінску прайшла акцыя “Чарнобыльскі шлях”, прысвечаная 31-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дазвол на яе правядзенне далі сталічныя ўлады.

Людзі сабраліся а 18-й гадзіне на пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік" і прайшлі па вуліцы Сурганава да чарнобыльскай капліцы. У шэсці паўдзельнічала некалькі соцень чалавек.

Частка людзей пайшла ў Кіеўскі сквер, дзе ў той жа час праходзіла дазволеная ўладамі акцыя, арганізаваная КХП-БНФ.

Фота: БЕЛТА

26 красавіка прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі. Спачатку палітыкі сустрэліся на Чарнобыльскай АЭС. Там яны ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу “Героям Чарнобыля”, прысвечанага памяці загінулых ліквідатараў.

Пасля кіраўнікі Беларусі і Украіны правялі перамовы ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, у рэзідэнцыі “Ляскавічы”.

Фота: lodz.onet.pl

Стан жанчыны, якая найбольш пацярпела падчас аварыі аўтобуса з беларускімі турыстамі ў Польшчы, нармалізаваўся. Нагадаем, што здарэнне адбылося раніцай 25 красавіка.

У гэты дзень беларуску верталётам даставілі ў варшаўскі шпіталь. Жанчына знаходзіцца ў свядомасці. Яе стан пасля аварыі выклікаў асцярогу, але цяпер усё стабілізавалася. Аднак працэс аднаўлення будзе доўгім. Пра гэта Еўрарадыё расказаў прэс-сакратар Варшаўскага шпіталя Пётр Гaлашэўскі.

Мапа з сайта "Рэпарцёраў без межаў"

Сёлета Беларусь заняла 153-е месца ў рэйтынгу свабоды прэсы. Гэты спіс складае міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў".

Летась наша краіна знаходзілася на 157-й пазіцыі са 180-ці краінаў.

Сітуацыю са СМІ ў Беларусі "Рэпарцёры без межаў" ахарактарызавалі як "фальшывую адлігу". Па іх словах, беларускія ўлады спрабуюць выйсці з эканамічнага крызісу і хочуць наладзіць кантакты з Захадам, але ў краіне, акрамя выхаду палітвязняў, нічога не змянілася. 

Фота: nn.by

У Мінску невядомыя мастакі працягваюць клеіць на вуліцах выявы высокапастаўленых чыноўнікаў, у якіх высмейваюць іх дзеянні.

Новым персанажам вулічных графіці стала міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, якую паказалі ў выглядзе тэлепузіка. Партрэт чыноўніцы суправаджаецца надпісам: "Гэта я спрабую закрыць СМІ, дзе вы чытаеце навіны".

Адзначым, што партрэт Ананіч з'явіўся недалёка ад Інстытута журналісткі БДУ.

Слухаць цалкам:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі