Топ-5: навіны 12 траўня

12/05/2017 - 19:15

Лукашэнка: Раней за дзевяць гадзін урокі пачынаць не трэба!

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка загадаў перагледзець графік працы школ у Беларусі.

Па словах кіраўніка краіны, нельга пачынаць урокі раней за дзевяць гадзін раніцы.

У сваю чаргу Еўрарадыё высветліла, як да ініцыятывы кіраўніка Беларусі ставяцца педагогі, школьнікі і іх бацькі.

Фота Дзяніса Садоўскага з архіву svaboda.org

Суд Мінска адмовіў аднаму з былых заяўнікаў акцыі на Дзень Волі Дзянісу Садоўскаму ў яго скарзе на дзеянні сталічных чыноўнікаў. Актывіст патрабаваў прызнаць парушэннем закона тое, што Мінгарвыканкам своечасова не даў адказ наконт дазволу акцыі на 25 сакавіка.

Калі ў судзе ў чыноўніка спыталіся, ці мусіў гарвыканкам даць адказ за 5 дзён да меркаванай акцыі, ён паведаміў: "Я не магу лічыць, ёсць закон".

У сваю чаргу, Садоўскі прапаноўваў падлічыць законныя пяць дзён ад 25 сакавіка на пальцах. На што прадстаўнік Мінгарвыканкама заявіў, што не можа гэтага зрабіць.

Фота: Еўрарадыё

Букмекеры даюць беларускаму гурту Naviband толькі 21-е месца ў фінале Еўрабачання. Побач з намі  ў рэйтынгу знаходзяцца выканаўцы з Нарвегіі ды Ізраіля.

А вось лідарамі большасць букмекерскіх кантор называюць Італію, Партугалію і Балгарыю.

Фота: Fotolia / branex

У пятніцу ў Беларусі скончылася інспекцыя Рассельгаснагляду, якая праверыла шэраг айчынных прадпрыемстваў. Пакуль што расійскія спецыялісты не выказалі "глабальных заўваг". Пра гэта заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Аляксандр Субоцін.

Па яго словах, расійскія інспектары праверылі 13 вытворчасцяў. Цяпер у Мінску спадзяюцца, што пасля гэтых праверак Рассельгаснагляд здыме ўсе абмежаванні на пастаўкі беларускай прадукцыі ў суседнюю краіну.

Фота: mamadysh-rt.ru

У адной з груп дзіцячага садка ў Фрунзенскім раёне Мінска ўвялі каранцін. Нагодай стаў выпадак шкарлятыны.

Загадчыца садка запэўнівае, што эпідэміі няма: у ясельнай групе захварэла адно дзіця, і сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Па яе словах, ужо правялі ўсе неабходныя супрацьэпідэмічныя меры.

Слухаць цалкам:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі