Топ-5: навіны 12 красавіка

12/04/2017 - 19:10

Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЕАЭС

Беларусь падпісала Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Еўразійскай эканамічнай камісіі Дзмітрый Някрасаў.

Па яго словах, цяпер Мытны кодэкс паступіў у камісію і бліжэйшым часам будзе апублікаваны на яе сайце.

Адзначым, што іншыя краіны падпісалі гэты дакумент на саміце кіраўнікоў ЕАЭС у снежні мінулага года. А вось Аляксандр Лукашэнка на гэты саміт не паехаў і заявіў, што Беларусь мае шэраг пытанняў да Мытнага кодэксу. 

Юлія Гранкова і фрагмент матывацыйнай часткі з суда

Беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак апынуліся па-за законам. Гэта вынікае з пастановы Аршанскага суда, які аштрафаваў валанцёрку Юлію Гранкову на 460 рублёў за тое, што дзяўчына вяла стрым у “Аднакласніках”.

У судзе палічылі, што відэастрым у сацсетках з’яўляецца вырабам і распаўсюджваннем прадукцыі СМІ, на які неабходны дазвол.

Карыкатура для ілюстрацыі працэсаў і Святлана Каваленка

Мінскі гарадскі суд не задаволіў скаргу актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Святланы Каваленка і пакінуў у сіле штраф, якім пасля пікета ў Курапатах пакараў яе суд Партызанскага раёна сталіцы.

Не дапамагла нават даведка пра тое, што 24 лютага ў 15:10 – у час, калі, згодна з пратаколам, жанчына ўдзельнічала ў масавым мерапрыемстве, яна знаходзілася на працы. 

Фота: БЕЛТА

Мужчына, які скокнуў з акна міліцыі ў Гродне, праходзіў праверку на паліграфе. Здарэнне адбылося ў сераду, 12 красавіка.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка гродзенскай міліцыі Яўгена Дудко, абставіны здарэння высвятляюць супрацоўнікі Следчага камітэта. Праваахоўнікі ўжо прызначылі судова-медыцынскую экспертызу. На дадзены момант ідзе вывучэнне асобы загінулага, а таксама абставіны яго знаходжання ў міліцыі.

Фота: belngo.info

12 красавіка ў Беларускім педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшоў “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў Мінадукацыі, ТБМ і ТБШ.

На ім прадстаўнікі Таварыстваў беларускай мовы і беларускай школы зрабілі шэраг прапаноў чыноўнікам. Асноўныя з іх — адкрыццё групаў з беларускай мовай навучання ў педагагічных ВНУ, выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі па-беларуску.

Таксама прадстаўнікі ТБМ прапанавалі адкрыць у кожным горадзе па адной гімназіі з беларускай мовай навучання.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі