Топ-11 зорак жаночага чэмпіянату свету па футболе, за якіх варта заўзець

21/07/2023 - 19:56
Алекс Морган – самая папулярная футбалістка свету / bettornado.ru

20 ліпеня ў Аўстраліі і Новай Зеландыі пачаўся дзявяты жаночы чэмпіянат свету па футболе. Еўрарадыё лічыць несправядлівым, што пра зорных футбалістак чамусьці ведаюць менш, чым пра Месі, Мбапэ і Раналду. Таму мы распавядаем вам пра перспектыўных дзяўчат, на якіх робяць стаўку сусветныя спартовыя журналісты і эксперты.

Але спачатку крыху фактаў пра жаночы мундыяль. У ім удзельнічаюць 32 зборныя каманды з Еўропы, Афрыкі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Азіі і Акіяніі.

У фаварытах - футбалісткі зборнай ЗША, дзеючыя пераможцы. Гаіці, Марока, Панама, Філіпіны, В’етнам, Замбія, Ірландыя і Партугалія будуць гуляць упершыню. І хто ведае, можа, яны яшчэ пакажуць добры футбол і стануць адкрыццём турніру!

Сэм Кер, 29 гадоў, Аўстралія

Форвард і ключавы ігрок каманды з Аўстраліі. Яна дэбютавала ў нацыянальнай зборнай у 15 гадоў. Гэта яе чацвёрты чэмпіянат свету, на якім яна забіла 5 галоў (чатыры з іх - у вароты Ямайкі), і другі - у якасці капітана. А ўвогуле ў складзе зборнай яна ў 121 матчы забіла 63 галы. Мінулы сезон дзяўчына правяла ў англійскім “Чэлсі”. 

Сэм Кэр, Аўстралія / Getty Images

Журналісты вядомага амерыканскага спартовага тэлеканала ESPN, якія даўно сочаць за Сэм Кер, завуць яе “гульцом вялікай гульні” і прадбачаць, што яна ў Аўстраліі пакажа шоу, не падобнае ні на адно, што заўзятары бачылі раней.

Ада Хегерберг, 27 гадоў, Нарвегія

Таксама адна з самых яркіх зорак у жаночым еўрапейскім футболе. Апошнія тры гады яна прапусціла праз траўму, а да гэтага пяць гадоў змагалася з федэрацыяй за ўмовы ў жаночай зборнай, і нават адмаўлялася прадстаўляць сваю краіну. 

Ада Хегерберг / naomi baker, olympics.com

Яна ўладальніца “Залатога мяча-2018”, а з 2013 выступае за французскі “Ліён”. Ада - рэкардсменка па колькасці галоў (59) у жаночай Лізе чэмпіёнаў. Яна рашучы і фізічна моцны нападнік, і чакаюць, што яна ў гэтым мундыялі будзе ззяць.

Алекс Морган, 34 гады, ЗША

Калі Алекс Морган - цяпер яна капітан “USWNT” - упершыню ўвайшла ў жаночую зборную ЗША, ёй далі мянушку “Жарабя” - за энергію і стыль бегу. Гэта яе чацвёрты чэмпіянат свету, два з якіх былі пераможнымі.

Алекс Морган / Seth Wenig—AP/Shutterstock.com, britannica.com

Алекс лічаць вельмі эфектыўным гульцом - настолькі, што нават тых, хто ў сваіх клубах гуляе на цэнтральных пазіцыях, пераводзяць на флангі. Спартовыя журналісты, якія ставяць на перамогу ЗША ў гэтым чэмпіянаце, кажуць, што ў гэтым выпадку Алекс Морган будзе ў цэнтры падзей.

Аляксандра Поп, 32 гады, Германія

Сяміразовая чэмпіёнка Бундэслігі, гуляе за “Вольфсбург”, алімпійская чэмпіёнка, віцэ-чэмпіёнка Еўра. Яна забіла 62 галы ў 128 міжнародных матчах.

Аляксандра Поп / vfl-wolfsburg.de

Марта, 37 гадоў, Бразілія

Насуперак сучаснай этыцы, у свеце футбола Марту параўноўваюць з мужчынамі-футбалістамі, чэмпіёнамі, як Раналдзіньё, Рамарыа і Пеле. Яна найлепшы бамбардзір Бразіліі за ўсю гісторыю: забіла 115 галоў у 175 гульнях. І гэта рэкорд і сярод жанчын, і сярод мужчын.

Трэнер зборнай Бразіліі кажа, што Марта - “каралева і ікона”. Гулец клуба “Orlando Pride”, за зборную Бразіліі ў чэмпіянаце свету яна выступае шосты раз. Сама футбалістка кажа, што бягучы турнір будзе яе апошнім мундыялем, і яна марыць прывезці трафей у Бразілію.

Марта / CBF, fdr.com.br

Асісат Ашаала, 28 гадоў, Нігерыя

З 2019 года Асісат гуляе за “Барселону” і ў чэмпіянаце Іспаніі забіла 83 галы ў 89 матчах. Яе лічаць адной з найлепшых нападаючых свету. Каманда Нігерыі толькі аднойчы дайшла да чвэрцьфіналу за ўсю гісторыю ўдзелу з 1991 года. І эксперты лічаць, што калі каманда зараз выступіць паспяхова, то гэта будзе дзякуючы Асісат.

Асісат Ашаала / www.goal.com

Хадзіджа Шоў, 26 гадоў, Ямайка

Яна ўдзельнічае ў чэмпіянаце свету пасля бліскучага сезона з “Манчэстэр Сіці” ў жаночай Суперлізе. Хадзіджа забіла 31 гол у 30 гульнях у сезоне 2022-2023 і дапамагла свайму клубу замацавацца ў чацвёрцы лепшых. Акрамя таго, Шоў з'яўляецца лепшым бамбардзірам зборнай Ямайкі за ўсю гісторыю з 56 галамі на рахунку.

Хадзіжа Шоу / Manchester City FC

Алексія Путэльяс, 26 гадоў, Іспанія

Былы трэнер “Барселоны”, дзе Алексія вырасла як футбалістка, казаў: “Калі вы не ведаеце, што рабіць з мячом, аддайце Алексіі. Яна здольная прымаць найлепшыя рашэнні”. Паўабаронца, уладальніца “Залатога мяча”, вярнулася ў футбол пасля траўмы, але з той пары не правяла 90 хвілін ні ў адной гульні. Але Іспанія вельмі разлічвае на яе.

Алексія Путэльяс / www.elmundo.es/

Лена Абердорф, 21 год, Германія

Яшчэ адзін гулец нямецкага “Вольфсбурга”, баявая паўабаронца ўмее разганяць атакі і лічыцца ўзыходзячай зоркай не толькі нямецкага, але і сусветнага футбола.

Лена Абердорф / fifpro.org

Кіра Уолш, 26 гадоў, Англія

Кіра гуляе за "Барселону", а ў зборнай Англіі яе лічаць клеем, які трымае каманду разам. Яна якар абароны, вельмі тэхнічная футбалістка на піку сваёй кар'еры і фізічнай формы. Яна здольная да творчасці - яе нечаканы пас, з якога Эла Тун забіла пераможны гол у фінале Еўра-2022, здабыў камандзе перамогу над Германіяй.

Кіра Уолш / UEFA

Перніле Хардэр, 30 гадоў, Данія

Гулец "Баварыя Мюнхен", а ў мінулым - "Чэлсі", зараз - дацкі капітан. Яна вяртаецца ў футбол пасля траўмы і доўгага перапынку, але яна сапраўдны лідар атакі. У 2020 годзе яна была самай дарагой футбалісткай у свеце. Данія з 2007 года ўпершыню ўдзельнічае ў чэмпіянаце свету, і нацыянальная зборная вельмі разлічвае на Перніле.

Перніле Хардэр / Getty Images

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі