Сяргей Гурэнка ў 2018 годзе не паедзе на чэмпіянат свету па футболе ў Расію. Беларускі спецыяліст не будзе больш працаваць са зборнай Сербіі, у якой ён быў памочнікам галоўнага трэнера. Як інфармуе прэс-служба ФК “Дынама” (Мінск), кантракт Гурэнкі з Федэрацыяй футбола Сербіі быў скасаваны па пагадненні бакоў.
Як вядома, нядаўна быў адпраўлены ў адстаўку галоўны трэнер футбольнай зборнай Сербіі Славалюб Муслін, які і запрасіў Сяргея Гурэнку ў свой трэнерскі штаб. Яны знаёмыя яшчэ з часу сумеснай працы ў мінскім “Дынама”. Пад іх кіраўніцтвам зборная Сербіі заваявала права згуляць на сусветным першынстве. Цяпер Гурэнка цалкам засяродзіцца на справах свайго клуба, які працягвае барацьбу за залатыя ўзнагароды чэмпіянату Беларусі.