Сяргей Гудзілін прадаў галерэі "Ў" знакамітае фота з зафарбаваным БЧБ-сцяжком

13/10/2016 - 08:05

Знакамітае фота Сяргея Гудзіліна "No Words (Censored)", на якім супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі замалявала бела-чырвона-белы сцяжок, цяпер знаходзіцца ў калекцыі мінскай галерэі "Ў". Пра гэта фатограф паведаміў на ўласнай старонцы ў Facebook.

"Сёння гэта праца стала ўласнасцю галерэі "Ў". Троху стаміўся з ёй насіцца, і мая лянота прыняла выгаднае рашэнне даручыць гэта людзям, якія займаюцца гэтым лепш за мяне. Сумма здзелкі не называецца. Асенні шалом", — напісаў Сяргей Гудзілін.

Гісторыя з'яўлення экспаната такая. Цягам некалькіх гадоў Сяргей Гудзілін здымаў серыю "NO WORDS". Яна прысвечаная таму, як камунальнікі замалёўваюць графіці ў розных гарадах Беларусі. 10 верасня 2014 года падчас выставы “Zabor” супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея падыйшла да адной з фатаграфій серыі і замазала на ёй апазіцыйны сцяжок, які знаходзіцца пад негалоснай забаронай. Атрымаўся постмадэрнізм у квадраце.

Выпадковы наведнік выставы зняў працэс замалёўкі на відэа. Адцэнзураваную працу атрымалася захаваць, і цяпер яна дэманструецца на выставах як самастойны арт-аб'ект.

Арыгінальнае фота Сяргея Гудзіліна
Адрэдагаваная фатаграфія падчас выставы KANDENSAT у Мінску, 2016 год. Фота: instagram.com/julia_janini

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі