Лідарка апазіцыі Святлана Ціханоўская запісала відэазварот да беларускіх рабочых.
Яна зазначыла, што рабочы рух у абарону сумленных выбараў напалохаў уладу.
"Вы ўжо паказалі неверагоднае адзінства. І праявілі сталёвую вытрымку. За гэта вам вялікі дзякуй!
Вы запалохалі дыктатуру. Яна дрыжыць ад страху перад вамі, вашай сілай і мужнасцю. Таму сёння вы адчуваеце велізарны ціск. Таму зазнаяце пагрозы.
Забастоўкі заціснулі дыктатуру ў кут. Паранілі яе ў самае сэрца, таму зараз вас усімі спосабамі спрабуюць падзяліць і пасварыць. Бо калі мы будзем усе разам, у гэтага рэжыму не застанецца ні адзінага шанцу.
Забастоўкі — гэта абсалютна легальная і магутная зброя супраць рэжыму. Яны гэта ведаюць. І таму вас запалохваюць", — заявіла Ціханоўская.
Яна нагадала, што будучыня Беларусі сёння залежыць ад рабочых — іх адзінства і рашучасці. Яна папрасіла іх не палохацца і працягваць баставаць.
"Нашыя мэты простыя — спыніць гвалт, вызваліць палітычных зняволеных, правесці празрыстыя, свабодныя і сумленныя выбары.
Разам мы сіла. Сіла, перад якой не ўстоіць ніякая дыктатура. Памятайце: толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця", — падкрэсліла Ціханоўская.
Забастоўкі на беларускіх прадпрыемствах пачаліся тыдзень таму, іх пік прыпаў на пачатак гэтага тыдня. Кіраўнік страйкама Мінскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі ўвайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады пры Святлане Ціханоўскай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.