9 чэрвеня Святлана Ціханоўская выступіла ў чэшскім Сенаце са зваротам да сенатараў і чэскага народа. Гэта другі раз у гісторыі, калі да Сената звяртаўся не чэх, адзначае прэс-служба беларускага палітыка. Ціханоўская згадала пра беларуска-чэшскія сувязі, якія налічваюць некалькі стагоддзяў, пра асветніка Францішка Скарыну. Яна расказвала пра пратэсты і рэпрэсіі ў Беларусі, пра беларускіх палітвязняў, паказвала фота свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, які ўжо другі год знаходзіцца за кратамі і чакае суда ў Гомелі.
Святлана Ціханоўская заклікала Чэхію "займаць паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да нелегітымнага рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі, не прызнаваць яго ўладу, а ўсе яго рашэнні і дамоўленасці "лічыць незаконнымі".
Таксама яна заклікала Чэхію прызнаць злачыннымі арганізацыямі КДБ, АМАП, ГУБАЗіК, распачаць справы супраць вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, ініцыяваць стварэнне Міжнароднага трыбуналу па Беларусі.
"Я заклікаю Чэхію і Еўрасаюз прыняць чацвёрты пакет эканамічных санкцый і ініцыяваць пяты, — гаварыла Ціханоўская. — У спіс павінны трапіць памагатыя рэжыму, суддзі, пракуроры, сілавікі, бізнэсоўцы".
Цалкам тэкст выступу палітыка змешчаны на яе афіцыйным сайце.
Раней Святлана Ціханоўская сустракалася з прэзідэнтам і прэм'ерам Чэхіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут