Суддзі ў адным спісе з інвалідамі: у паліклініцы іх прымаюць у першую чаргу

04/06/2021 - 14:12
Суддзі ў адным спісе з інвалідамі і пацярпелымі ад катастрофы на ЧАЭС / Еўрарадыё

На інфармацыйных стэндах як мінімум дзвюх мінскіх паліклінік вісіць аб'ява пра тое, што "абслугоўванне суддзяў ажыццяўляецца ў першачарговым парадку". У сацсетках здзіўляюцца: прычына, па якой трапіць да доктара па асобнай чарзе могуць пацярпелыя ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, у прынцыпе, зразумелая, а пры чым тут суддзі? Чаму іх паставілі ў адзін шэраг з вязнямі фашысцкіх канцлагераў і інвалідамі па слыху?

Адна з аб'яў вісіць у мінскай паліклініцы №37. Еўрарадыё датэлефанавалася да юрысконсульта ўстановы:

— Мы паглядзелі, чаму ў загад былі ўнесеныя суддзі. Быў загад камітэта па ахове здароўя ад 6 сакавіка 2012 года №147, гэты дакумент дзейны. Адпаведна, са стэнда яго не прыбіралі. Гэта загад ад вышэйстаячай арганізацыі.

Я таксама разбіраўся, чаму на наш стэнд трапілі ў тым ліку і суддзі. Глядзеў па інтэрнэце. І на сайтах некаторых паліклінік яны таксама ўнесены ў пералік.

Стэнд у адной з мінскіх паліклінік / тэлеграм

Ёсць яшчэ пытанне: якія менавіта суддзі маюцца на ўвазе? Можа быць, і футбольныя з хакейнымі арбітрамі могуць забегчы на прыём "у першую чаргу"?

— Калі адкрываць гэты загад камітэта, тут проста напісана "аказанне медыцынскай дапамогі суддзям", — адказвае юрыст. — Я не гатовы сказаць дакладна, я распрацоўкай гэтага загада не займаўся. Але калі глядзець на тое, што значыць напісанае, то ў тэорыі — так, футбольныя суддзі таксама могуць сюды падпадаць.

Зрэшты, у першай частцы дакумента гаворыцца "пра перспектывы развіцця сістэмы агульных судоў". А да яе адносяцца Вярхоўны суд, абласныя, гарадскія і эканамічныя суды. Так што, на жаль, — футбольныя арбітры, хутчэй за ўсё, не могуць прэтэндаваць на першачарговы прыём.

Цікавасць грамадскасці да раўнапраўя паміж наведвальнікамі паліклінік падагрэў крымінальны пераслед жанчыны, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Аліне Касьянчык. Жанчыну абвінавацілі па артыкуле 190 КК РБ — "Парушэнне раўнапраўя грамадзян". Аказваецца, ёсць і такі. Арэндадаўцы можа пагражаць да двух гадоў пазбаўлення волі.

Аліна Касьянчык была дзяржабвінаваўцай па справе журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай. За стрым з Плошчы Перамен, які сілавікі расцанілі як каардынацыю масавых пратэстаў, іх прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі