Замаскварэцкі раённы суд Масквы прыпыніў пастанову МУС пра непажаданасць знаходжання ў Расіі стэндапера Ідрака Мірзалізадэ. Пра гэта напісаў яго адвакат Сяргей Бадамшын.
Ідрак Мірзалізадэ — грамадзянін Беларусі, які меў від на жыхарства ў Расіі. З Расіі яго выслалі ў жніўні 2021-га з пажыццёвай забаронай на ўезд за жарт падчас выступу. Комік расказваў, як складана чалавеку з усходняй знешнасцю зняць жыллё ў Маскве, і высмейваў ксенафобію. За гэты жарт яго збілі на вуліцы, потым асудзілі на 10 сутак.
Пасля гэтага стэндапера выслалі з Расіі з фармулёўкай пра пажыццёвую "непажаданасць" яго прысутнасці ў краіне. "У сваім публічным выступе Ідрак Мірзалізаде дапусціў выразы, якія ўзбуджаюць нянавісць і варожасць у адносінах да асоб рускай нацыянальнасці, якія прыніжаюць іх чалавечую годнасць", — заявілі ў МУС Расіі.
Комік і яго адвакат аспрэчваюць у судзе рашэнне МУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут