Суд над Сафіяй Сапега пачнецца 28 сакавіка

22/03/2022 - 06:07

Разгляд крымінальнай справы расіянкі Сафіі Сапега пачнецца 28 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Пра гэта Бі-Бі-Сі расказаў адвакат сям'і Антон Гашынскі.

Дзяўчыну затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам, зняўшы іх з прымусова пасаджанага ў Беларусі рэйса Ryanair. 

Спярша яе абвінавацілі ў адміністраванні "экстрэмісцкага" тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі", дзе публікуюцца асабістыя даныя сілавікоў. Потым стала вядома, што Сафіі выставілі абвінавачанне па сямі артыкулах крымінальнага кодэкса. 

Сапега заключыла дасудовае пагадненне са следствам і выступала на дзяржаўным тэлебачанні. Тым не менш ёй пагражае шэсць гадоў зняволення. 

Па словах айчыма, у снежні 2021-га яна падала Аляксандру Лукашэнку прашэнне аб памілаванні.

Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі