“Студэнты плакалі, калі ім адмаўлялі ўдзельнічаць у перапісе”

25/09/2019 - 13:26

З 4 па 30 кастрычніка 2019 года ў Беларусі будзе праходзіць перапіс насельніцтва. Перапісчыкамі будуць працаваць 2,2 тысячы студэнтаў — на гэты час іх здымаюць з заняткаў. Удзел у перапісе некаторым з іх залічаць за практыку, распавяла на лекцыі “Белстат объяснит” намесніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Жанна Васілеўская:

“Такім спецыяльнасцям, як філасофія, псіхалогія, сацыялогія — журфак, юрфак — ім адразу ўсім сказалі: “Удзельнічайце ў перапісе, мы вам адразу залічваем гэта як прахаджэнне практыкі”.

Студэнты розных універсітэтаў рэагуюць на неабходнасць стаць перапісчыкамі па-рознаму. На філфаку БДУ, напрыклад, адна з груп, якую збіраліся адправіць на перапіс, амаль цалкам не прыйшла на запаўненне анкет. А ў іншых ВНУ, па словах Жанны Васілеўскай, “з аўдыторыі ў 80 чалавек не запісалася толькі два — па стане здароўя”.

“Мы размаўляем з загадчыкамі [кафедраў]. Яны кажуць: “У нас ёсць дзеці-студэнты, якія плакалі, таму што ім адмаўлялі ўдзельнічаць у перапісе”. А ведаеце, чаму? Вось па адной дзяўчынцы. Яна плакала, таму што ў яе від на жыхарства, а ў нас у перапісе могуць удзельнічаць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, — дадала намесніца старшыні Белстата.

Студэнты ўдзельнічалі і ў мінулым перапісе насельніцтва, які праводзіўся ў Беларусі ў 2009 годзе.

Сёлета на час перапісу іх, а таксама планшэты, у якія яны будуць уносіць звесткі пра людзей, застрахуюць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі