Старшынёй руху "За Свабоду" выбралі Юрыя Губарэвіча

16/10/2016 - 13:20

Старшынёй руху "За Свабоду" выбралі Юрыя Губарэвіча. Ён замяніў на гэтай пасадзе заснавальніка структуры Аляксандра Мілінкевіча (дагэтуль Губарэвіч быў яго намеснікам).

Справаздачна-выбарная канферэнцыя прайшла 16 кастрычніка ў мінскім гатэлі "Планета". У ёй удзельнічалі 115 дэлегатаў. Рух "За Свабоду" быў зарэгістраваны ў Беларусі ў снежні 2008-га (як мяркуецца, пад ціскам Захаду), ад пачатку яго ачольваў Аляксандр Мілінкевіч. Сёлета 69-гадовы палітык вырашыў саступіць пасаду старшыні больш маладому паплечніку. Асноўных прэтэндэнтаў было двое — 38-гадовы Юрый Губарэвіч і 44-гадовы Алесь Лагвінец. На канферэнцыі сваю кандыдатуру вылучыў Алесь Таўстыка, аднак шанцаў на перамогу ў яго не было.

Па выніках падліку галасоў, за Губарэвіча выказаліся 59 дэлегатаў, за Лагвінца — 51, за Таўстыку — 2, яшчэ 3 бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі.

Першым намеснікам старшыні руху "За Свабоду" абралі Галіну Скараход (на здымку), Алесь Лагвінец ад гэтай пасады адмовіўся.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі