Старэйшы брат затрыманага чэмпіёна па баях ММА звярнуўся да ўладаў Чачні

09/06/2017 - 19:07

Старэйшы брат затрыманага чэмпіёна свету па ММА Мурада Амрыева Зураб звярнуўся да ўладаў Чачні. "Калі ў вас ёсць прэтэнзіі, давайце сустрэнемся на нейтральнай тэрыторыі", — заявіў ён падчас выступу на тэлеканале РБК

Зураб Амрыеў распавёў, што ў свой час яго абвінавацілі ў замаху на выскокапастаўленага супрацоўніка чачэнскай паліцыі Магамеда Дашаева. Таму з 2007 гола ён жыве па-за межамі Чачні — спярша ў Польшчы, потым у Нямеччыне. Амрыеў-старэйшы адмаўляе свой удзел у замаху на Дашаева.

Вяртацца ў Чачню ён не хоча, бо лічыць, што там ён проста стане яшчэ адным закладнікам. "Брат расказваў мне падрабязна пра тое, як паліцыя яго выкрала, катавала, біла токам, падвешвала за кайданкі", — заявіў Зураб Амрыеў. Ён дадаў, што гатовы сустрэцца з уладамі Чачні на нейтральнай тэрыторыі. 

Мурада Амрыева напярэдадні затрымалі ў Беларусі і 9 чэрвеня перадалі чачэнскай паліцыі. Тая шукала яго па абвінавачванні ў выкарыстанні заведама падробленага пашпарта. У 2013 годзе Мурада Амрыева затрымалі, каб вярнуць у Чачню яго старэйшага брата. Два дні яго катавалі, пасля чаго аддалі бацькам. Мурад уцёк ва Украіну, дзе працягнуў сваю спартовую кар'еру і нават стаў чэмпіёнам свету па баях MMA. Тым часам, па звестках СМІ, чачэнская паліцыя абвясціла Амрыеву-малодшаму кроўную помсту (паводле прынцыпу "брат адказвае за брата"). 

9 чэрвеня бацькі Мурада напісалі ліст кіраўніку Савета па правах чалавека пры прэзідэнце Расіі Міхаілу Фядотаву і амбудсмену Таццяне Маскальковай. Бацькі прасілі іх разабрацца ў справе сына.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі