Стала вядома, за што Лукашэнка звольніў міністра энергетыкі Патупчыка

02/05/2018 - 20:21

Стала вядома, за што Аляксандр Лукашэнка звольніў міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка. Старшыня КДБ Валерый Вакульчык у праекце "Размова ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1" распавёў, што прычынай стала заступніцтва ў стварэнні незаконнага сямейнага бізнесу.

"Не так даўно кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача разабрацца з інфармацыяй, якая датычыць асабіста міністра [энэргетыкі] і членаў яго сям'і, расказвае Вакульчык. — Гэтая праца камітэтам была праведзена. Была ўстаноўлена наяўнасць створанага пры падтрымцы і заступніцтве асабіста міністра энергетыкі Патупчыка сямейнага бізнесу — падраду — паставак будматэрыялаў па завышаных коштах на аб'екты будаўніцтва. Што спрыяла, натуральна, узбагачэнню, незаконнаму атрыманню прыбытку".

Старшыня КДБ падкрэслівае, што па выніках дакладу дзяржбяспекі Лукашэнка і прыняў рашэнне аб вызваленні Уладзіміра Патупчыка ад пасады. Патупчыку 59 гадоў. Ён быў міністрам энергетыкі крыху больш за пяць гадоў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі