Стала вядома, хто прадаў "Беларуснафце" нафтавыя свідравіны на Ямале

12/01/2022 - 10:38

Стала вядома, хто прадаў "Беларуснафце" 69 нафтавых свідравін на Ямале. За здзелкай можа стаяць украінскі палітык Тарас Козак, блізкі сябар і паплечнік "кума Пуціна" Віктара Медзвядчука. Як паведамляе occrp.org, гэта вынікае са змешчаных летась у інтэрнэце дакументаў "Архіву Пандоры" (The Pandora Papers).

Пра тое, што беларуская дзяржаўная нафтавая кампанія павялічыла спіс сваіх актываў у Расіі, стала вядома ў жніўні мінулага года (адзін з загалоўкаў у расійскіх СМІ — "Лукашэнка атрымаў 69 нафтавых свідравін на Ямале"). Яны знаходзяцца ў карыстанні ТАА "Пурнефть", а 100-адсоткавым заснавальнікам кампаніі тады стала ААТ "НК "Янгпур", "дачка" "Беларуснафты". Сума здзелкі афіцыйна не называлася, а неафіцыйна згадвалася сума каля 50 мільёнаў долараў.

Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў высветліў, што за кампаніяй "Пурнефть" стаяла падстаўная кампанія Brimipana Trading з Віргінскіх астравоў. Афіцыйным уладальнікам афшора быў Аляксандр Кісель, украінец і грамадзянін Венгрыі. Мяркуецца, што насамрэч ён "прыкрываў" сапраўднага ўладальніка — згаданага Козака. Такая выснова робіцца на падставе таго, што Brimipana Trading удзельнічала ў фінансаванні кіпрскай фірмы Soferco Trading Ltd, якой валодае жонка ўкраінскага палітыка.

Тарас Козак ужо амаль год знаходзіцца пад санкцыямі ва Украіне. Яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Па звестках украінскіх праваахоўнікаў, спачатку ён быў у Беларусі, а пасля выехаў у Расію. Ва ўкраінскіх СМІ былі даныя, што Козак скарыстаўся самалётам беларускага алігарха Мікалая Вараб'я. У апошняга шчыльныя сувязі з дзеячамі "Апазіцыйнай платформы — За жыццё" Медзвядчука. Між іншым, яны мелі грошы ў яго банку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі