Спыніўся выхад літаратурнага часопіса "Верасень"

22/11/2021 - 18:23

Літаратурны часопіс "Верасень", які існаваў 12 гадоў спыніў свой выхад. Пра гэта ў сацсетках напісаў галоўны рэдактар выдання Эдуард Акулін.

Закрыццё часопіса звязанае з тым, што ўлады скасавалі рэгістрацыю яго заснавальніка — Таварыства беларускай мовы.

"Няма сумневу, што за 12 гадоў свайго існавання часопіс стаў заўважнай з’явай у культурным жыцці краіны. А па-іншаму й быць не магло, бо ў шчаслівую літаратурную дарогу выданне дабраславілі адразу два народныя паэты Беларусі — Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. І гэта дарога напраўду была шчаслівай", — піша Акулін.

Ён падлічыў, што за час існавання "Верасня" на яго старонках з'явіліся творы каля 700 аўтараў — паэтаў, празаікаў, драматургаў, публіцыстаў і крытыкаў, у тым ліку больш як 100 дэбютантаў. А з 14-га нумара “Верасень” стаў творчай пляцоўкай і для маладых  мастакоў. 

"Дзякуй Вам усім, дарагія сябры! Каб вы ведалі, як не хочацца  гаварыць слова “бывай”, бо верыцца, што развітваемся мы не назаўсёды... Таму, хоць і з сумам,  я ўсё ж такі кажу: “Да новай сустрэчы, “Верасень”!.." — завяшае свой зварот Акулін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі