Штаб-кватэра Рады Еўропы ў Страсбургу / flickr.com
У парадак дня вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) будзе ўнесены даклад "Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання". Напярэдадні дакумент быў разгледжаны і ўхвалены Камітэтам ПАРЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека.
Камітэт заклікаў беларускія ўлады "вызваліць усіх палітвязняў, спыніць акты катаванняў, забяспечыць справядлівае судовае разбіральніцтва і свабоду СМІ", паведамляе БелаПАН.
Аўтар дакладу дэпутат з Францыі Аляксандра Луі напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што ПАРЕ падтрымлівае беларусаў.
"Усе краіны павінны мабілізавацца для вызвалення палітычных зняволеных і супраць адвольных рэпрэсій!", — напісаў ён у каментары да навіны аб тым, што камітэт ухваліў яго даклад.
Мяркуецца, што акрамя дакладу аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі на сесіі ПАРЕ будзе абмяркоўвацца пытанне аб неабходнасці правядзення ў краіне рэформы выбарчага заканадаўства.
Вясновая сесія ПАРЕ пройдзе ў Страсбургу 19-22 красавіка.
Дэлегацыя ПАРЕ не ўдзельнічала ў назіранні за апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Занадта позна даслалі запрашэнне, тлумачылі сваё рашэнне не ехаць у Мінск еўрапейскія парламентарыі. Яшчэ адной прычынай, чаму дэлегацыя ПАРЕ не стала назіраць за гэтымі выбарамі стала тое, што Мінск гэтым разам не запрасіў назіральнікаў з іншых еўрапейскіх арганізацый, у тым ліку БДІПЧ АБСЕ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.