Уначы з 15 на 16 ліпеня ў Турцыі адбылася спроба ваеннага перавароту. Група вайскоўцаў захапіла масты праз Басфор у Стамбуле, аэрапорт Атацюрк, дзяржаўную тэлерадыёкампанію TRT, некаторыя адміністрацыйныя будынкі. Вайскоўцы выкарыстоўвалі танкі, прынамсі адзін верталёт. Ім супрацьстаяла паліцыя і спецслужбы.
Мяцежнікі абвясцілі пра захоп улады з цэнтральнага тэлебачання. Падчас супрацьстаяння усе сацсеткі ў кране былі заблакаваныя, інтэрнет працаваў з перабоямі.
Бунтаўшчыкі заявілі, што ўлада ў Турцыі пераходзіць пад кіраўніцтва адмысловага органа “Савет міра”, які мусіць распрацаваць новую канстытуцыю, аднавіць законнасць і свецкі характар дзяржавы, які парушаўся, па іх меркаванні, прэзідэнтам краіны Раджэпам Таіпам Эрдаганам. Была ўведзеная каменданцкая гадзіна.
Прэм’ер-міністр Біналі Ілдырым, а потым і сам Эрдаган, заклікалі туркаў выйсці на вуліцы гарадоў, каб падавіць бунт. Заклікі гучалі і з гучнагаварыцеляў на мінарэтах.
Калі пачынаўся пераварот Эрдаган знаходзіўся ў Ізміры, пасля пачалі з’яўляцца паведамленні, што яго самалёт накіраваўся у Германію ці Вялікабрытанію.
З вялікіх гарадоў, у прыватнасці з Анкары і Стамбула цягам ночы прыходзілі паведамленні пра перастрэлкі, манёўры танкаў, пра паветраныя абстрэлы будынка парламента, выбухі ля прэзідэнцкага палаца, пра сутыкненні паліцыі з бунтуючымі вайскоўцамі.
Знішчальнік паветраных сілаў Турцыі збіў ваенны верталёт мяцежнікаў. Колькасць загінуўшых з абодвух бакоў у выніку сутыкненняў да гэтага часу не вядомая. Паведамлялася пра гібель 17 паліцэйскіх у Анкары пад верталётным абстрэлам, на масце праз Басфор былі параненыя некалькі цывільных.
Жыхары гарадоў спынялі танкі і раззбройвалі ваенных, у асобных выпадках адбываліся перастрэлкі.
Бліжэй да раніцы турэцкія ўлады заявілі, што практычна цалкам кантралююць сітуацыю. Яны разблакавалі аэрапорт Атацюрка ў Стамбуле, выціснулі ваенных з плошчы Таксім і будынка тэлецэнтра. Неўзабаве Эрдаган прызямліўся ў Стамбуле і заявіў пра тое, што ўсе вінаватыя будуць пакараныя. Ужо затрыманыя больш за 750 чалавек.
У бунце ўлады абвінавацілі апазіцыйнага ісламскага прапаведніка Фетхулаха Гюлета, які цяпер жыве ў ЗША. Сам ён заявіў, што не мае дачынення да перавароту.
Улады Турцыі паведамілі, што мяцежнымі войскамі камандаваў палкоўнік Мухарам Косэ, сёлета ў сакавіку яго накіравалі ў адстаўку. Сярод іншых арганізатараў называюць імёны палкоўніка Мехмета Агуза Акуса, маёра Эркана Агіна і падпалкоўніка Дагана Уйсала.
To see this content visit the full version of this page.