СМІ: У баю з "украінскімі дыверсантамі" загінуў падпалкоўнік ФСБ

17/08/2016 - 05:57

У баю з "украінскімі дыверсантамі", якія, нібыта, спрабавалі прарвацца ў Крым, загінулі падпалкоўнік ФСБ Раман Каменеў і дэсантнік-кантрактнік Сямён Сычоў. Новыя падрабязнасці скандальнай гісторыі ў сераду апублікавала расійская газета "Коммерсант".

Выданне спасылаецца на неназваную крыніцу, знаёмую з ходам расследавання. Адзначаецца, што ў справе аб гібелі сілавікоў няма абвінавачаных, паколькі забойца падпалкоўніка ФСБ можа быць як сярод забітых "дыверсантаў", так і сярод затрыманых. Што да забойцаў дэсантніка, дык усе яны "ўцяклі на тэрыторыю Украіны".

Упершыню сцвярджаецца, што расійскія сілавікі не выпадкова выявілі "ўкраінскіх дыверсантаў", а чакалі іх. Яшчэ 6 жніўня яны атрымалі аператыўную інфармацыю, што ў Крым перакідваецца група "дыверсантаў". Падпалкоўнік Каменеў са сваёй групай апынуўся на іх шляху. Ён загадаў невядомым здаць зброю, але тыя адкрылі аўтаматны агонь і забілі расійскага афіцэра (у яго не было бронекамізэлькі). Загінулі і двое "дыверсантаў", яшчэ трое затрыманыя і спрабуюць "зваліць віну за гібель афіцэра ФСБ адзін на аднаго".

Што да механіка-кіроўцы БМД 22-гадовага яфрэйтара Сямёна Сычова, дык ён загінуў у баю з іншай групай "дыверсантаў" каля Сіваша. Як піша "Коммерсант", дэсантнік пасмяротна атрымае ордэн Мужнасці, а афіцэр ФСБ — званне Героя Расіі (пасмяротна).

Як паведамляла Еўрарадыё, украінскі бок катэгарычна адмаўляе ўдзел сваіх сілавікоў у нейкіх баях у Крыме, называе агучаную расійскую версію правакацыяй. Сцвярджаецца, што затрыманыя не маюць ніякага дачынення да ўкраінскіх сілавых структур. Масква, як вядома, абвінавачвае Кіеў у падрыхтоўцы серыі тэрактаў у Крыме.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі