Следчы па "справе Ціханоўскай" стаў адвакатам

09/11/2023 - 14:48

Адвакаты / reform.by

Адвакатам стаў Сяргей Куксо — былы следчы, які адзначыўся ўдзелам у палітычных справах, заўважыў праект "Права на абарону".

Адвакацкую ліцэнзію ён атрымаў 27 кастрычніка 2023 года. Раней ён быў следчым, адным з кіраўнікоў расследавання крымінальных спраў Святланы Ціханоўскай, Максіма Знака і Марыі Калеснікавай. Па выніках тых расследаванняў Максім Знак быў асуджаны на 10 гадоў зняволення, а Марыя Калеснікава — на 11. Ціханоўскую асудзілі на 15 гадоў, але завочна.

Таксама лік беларускіх адвакатаў папоўніў былы начальнік крымінальнай міліцыі Стаўбцоўскага РАУС Мінскай вобласці Міхаіл Мігура. Яму ліцэнзію выдалі 26 ліпеня. Як паведамлялася раней, у снежні 2022 года ў Стоўбцах не засталося адвакатаў пасля таго, як апошнія тры не прайшлі атэстацыю.

У Беларусі з 2020 года адвакаты, якія абаранялі "палітычных", трапілі пад моцны дзяржаўны прэс. Дзясяткі чалавек былі пазбаўленыя ліцэнзіі толькі за тое, што выступалі абаронцамі па "палітычных" справах. Некаторых адвакатаў асудзілі, прызначыўшы ім рэальныя тэрміны зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі