Следчы камітэт Расіі выклікае беларускага фатографа Васюковіча на допыт

01/02/2017 - 07:57

1 лютага беларускі фатограф Аляксандр Васюковіч атрымаў на электронную пошту ліст са Следчага камітэта Масквы. У ім следчы А. Маразенка запрашае Васюковіча на гутарку для атрымання пісьмовых тлумачэнняў па матэрыялах праверкі, папярэдне ўзгадніўшы дату і час са следчым.

З ліста таксама зразумела, што праверка праводзіцца па скарзе аднаго з дэпутатаў маскоўскай муніцыпальнай акругі Якіманка — Захарава Д. А. Дэпутат мяркуе, што ў выставе Васюковіча, што летась прайшла ў Маскве, ёсць "прапаганда забароненай у Расіі арганізацыі "Правы сектар".

Ліст з СК Масквы, атрыманы фатогарфам раніцай 1 лютага. Фота з фэйсбука Аляксандра Васюковіча.

"Ліст я атрымаў толькі што на электронную пошту. Думаю, усё гэта з той самай серыі, што і знішчэнне выставы. На размову да следчага ў Маскву не паеду. Дашлю ім адказ, напішу, што жыву ў Беларусі, а не ў Расіі. На маіх здымках няма ўдзельнікаў "Правага сектара", — расказаў Аляксандр Васюковіч у размове з Еўрарадыё.

28 верасня ў Маскве ў Цэнтры дакументальнай фатаграфіі FOTODOC праходзіла творчая сустрэча з беларускім фатографам Аляксандрам Васюковічам. Васюковіч заняў першае месца ў намінацыі “Канфлікт” на міжнародным фотаконкурсе “Прамы погляд 2016”. Тут жа можна было ўбачыць яго фотаздымкі, на якіх адлюстраваныя адзіночныя і групавыя партрэты удзельнікаў добраахвотнага батальёна "Данбас", зробленыя Васюковічам падчас паездкі на фронт летам 2014 года. Праз нейкі час Васюковіч ізноў звязаўся з героямі сваіх фота, каб даведацца іх лёс. На фотаздымках свайго праекта ён коратка пазначыў, хто з салдатаў застаўся жыць, хто быў паранены, трапіў у палон альбо загінуў.

Падчас творчай сустрэчы ў залу прыйшоў маскоўскі мастак Антон Белікаў і пачаў замалёўваць здымкі Васюковіча фарбай з балончыка. “Вы — сціплы фашыст! Я пагарджаю вамі… Што вы робіце? Гэта ж забойцы! Яны забівалі жанчын і дзяцей. А вы прыязджаеце ў Маскву і вешаеце іх фота тут! Вы — усмешлівы гадзёныш. Як вам не сорамна?” — гаварыў Белікаў Васюковічу.

Працэс знішчэння выставы беларускага фатографа здымаў канал “Рен-ТВ”. Яшчэ праз дзень выстава беларуса была канчаткова знішчаная людзьмі, якія назваліся прадстаўнікамі казацтва.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі