Азотныя ўгнаенні / stringfixer.com
Саставы з адгружанай прадукцыяй вяртаюцца з Украіны на "Гродна Азот", расказаў Еўрарадыё актывіст і экс-супрацоўнік прадпрыемства Юрый Рававы. Прадпрыемства можа быць вымушана разгледзець прыпыненне вытворчасці, таму што прадаваць угнаенні цяпер папросту няма куды.
Калісьці ў завода была лагістычная перавага: ён знаходзіўся недалёка ад партоў. Цяпер санкцыі гэтую перавагу нівелявалі, а вайна ва Украіне "дабіла" апошнія схемы паставак, якія якраз і ішлі праз Украіну, расказвае суразмоўнік Еўрарадыё.
Ці доўга яшчэ пратрымаецца "Гродна Азот", разважае Юрый Рававы.
Пасля ўвядзення санкцый краінамі Еўрасаюза Украіна колькі часу заставалася галоўным рынкам збыту прадукцыі прадпрыемства.
— Кошт прадукцыі гэтага прадпрыемства ў значнай ступені залежыць ад цэн на газ. І нізкія цэны, дасягнутыя дзякуючы дамоўленасцям Лукашэнкі з Крамлём, дапамагалі "Азоту" збываць прадукцыю па самых выгадных схемах.
З самага пачатку санкцый 80% экспарту "Гродна Азота" ішло ва Украіну. Толькі невялікая доля да абвастрэння сітуацыі з'язджала праз Прыбалтыку. Нягледзячы на санкцыі, украінская схема працавала.
Была створана сетка фірмаў-пракладак ва Украіне. Усё гэта будавалася на асабістых сувязях былога віцэ-прэм'ера Ігара Ляшэнкі [яго ўзгаднілі на пасаду гендырэктара "Гродна Азота" ў пачатку 2021 года]. Але вайна дабіла апошнія напрацоўкі Ляшэнкі. Стаўка на Украіну не згуляла.
Цяпер "Гродна Азоту" прыходзіць канец, лічыць Рававы. Сховішчы для вадкіх угнаенняў будуць запаўняцца, карбамід у грануляваным выглядзе будуць адпраўляць на склад. Праца на склад пацягне за сабой страту вытворчых уласцівасцяў, як і ўсякая перагрузка.
У такім рэжыме можна будзе прапрацаваць тыдзень, лічыць суразмоўнік Еўрарадыё. А потым завод чакае спыненне.
Не, у Расіі беларускія азотныя ўгнаенні нікому не патрэбныя, кажа Рававы. Там досыць канкурэнтаў "Гродна Азота", а цэны на газ яшчэ ніжэйшыя, чым у Беларусі.
— Нават калі б Расія хацела купіць гэтыя ўгнаенні — яны ёй не патрэбныя. Застаецца толькі ўнутраны рынак.
Попыт на ўнутраным рынку пачне расці зусім хутка. Надыходзіць сезон, калі азотныя ўгнаенні трэба ўносіць у палі. Так што аднамомантавага спынення вытворчых магутнасцяў чакаць не варта.
— Для таго каб закрыць патрэбы ўнутранага рынку, частку магутнасцяў пакінуць. Магчыма, пакінуць адзін з трох "карбамідаў" [цэх. — Еўрарадыё], самы маламагутны, — лічыць Рававы.
Але праца на ўнутраны рынак — гэта ўсё роўна стратная праца, адзначае наш суразмоўнік. Па яго словах, калгасам угнаенні прадаюць па сабекошце. Да таго ж яны выплачваюць грошы ў беларускіх рублях, і да таго моманту, як адбываецца разлік, курс мяняецца.
— Праца на ўнутраны рынак — гэта заўсёды было або "ў нуль", або "ў мінус".
Немагчыма ўявіць, каб беларускія ўлады не змаглі прыдумаць хітрасць, якая дапамагла б знайсці выйсце з сітуацыі. Але гэта якраз той выпадак, кажа Рававы.
— Адзінае выйсце — сказаць: "Валодзя, я цябе падтрымліваю, таму дай мне не паўтара мільярда, а тры". Вось і ўся хітрасць, да якой могуць звярнуцца беларускія ўлады.
А пакуль да гэтай хітрасці не звярнуліся, настроі на заводзе не самыя вясёлыя, кажа наш суразмоўнік. І фармулюе іх максімальна лаканічна: "Людзі баяцца і эканомяць грошы".
Еўрарадыё адправіла запыт аб каментары на "Гродна Азот". Як толькі мы атрымаем адказ, мы апублікуем яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут