Схему ўвозу люксавых аўто ў Беларусь і Расію раскрылі ў Літве

28/06/2024 - 19:19

Aston Martin, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Чарговую схему абыходу санкцый ЕС супраць Беларусі і Расіі выявілі ў Літве. Датычыць яна незаконнага ўвозу дарагіх легкавікоў і грузавых аўтамабіляў, піша delfi.lt.

Крымінальная служба мытні разам са спецыялістамі адміністрацыі бяспекі транспарту Літвы два дні правяралі фуры, якія перавозяць тавары ў Беларусь і Расію. Яны выявілі, што грузавыя цягачы з паўпрычэпамі кампаній, зарэгістраваных у Літве, едуць у Беларусь і Расію — нібыта для перавозкі грузаў або іх атрыманне. Аднак з-за мяжы яны так і не вяртаюцца. Хутчэй за ўсё, у Беларусі і Расіі іх проста перарэгістроўваюць.

Тое ж самае адбываецца і з легкавікамі класа люкс: некаторыя людзі рэгіструюць такія аўтамабілі на сваё імя, выязджаюць у Беларусь ці Расію і ў Літву ўжо не вяртаюцца.

Літоўскія мытнікі заяўляюць, што будуць адсочваць дзейнасць такіх кампаній, праводзіць рэгулярныя рэйды і дэталёвыя праверкі. Юрыдычным асобам пагражае штраф — 100% кошту тавару і не менш за 10 тысяч еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі