Швейцарскі вытворца цягнікоў сыходзіць з Беларусі?

22/06/2023 - 15:31
Stadler хоча "зваліць" з Беларусі? / Калаж Еўрарадыё

Швейцарскі вытворца цягнікоў "Штадлер" сыходзіць з Беларусі. Пра гэта паведаміў міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс. Паводле яго слоў, "Штадлер" вырабіць для Літвы 15 акумулятарных электрацягнікоў за 200 млн еўра. Пры гэтым не будуць выкарыстоўвацца дэталі з завода ў Беларусі (у Фаніпалі ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці). Таму здзелка з набыццём цягнікоў у Літве была ўхвалена.

"Наколькі я ведаю з агульнай інфармацыі, вытворчасць там [у Беларусі] больш не ідзе, кампанія сышла адтуль або знаходзіцца ў працэсе вываду", цытуе словы літоўскага міністра lrt.lt.

Сам швейцарскі вытворца цягнікоў пра сыход з РБ не аб'яўляў. Але такія планы былі яшчэ ў 2021 годзе.

Беларускі філіял "Штадлер" існуе каля дзесяцігоддзя. Швейцарцы інвеставалі ў нашу краіну дзясяткі мільёнаў еўра. Прадукцыя пастаўлялася ў краіны Еўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі.

Летась у "Штадлеры" прызнавалі, што прадпрыемства пацярпела ад санкцый, уведзеных супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Вытворчасць скарачалася, спынялася, стала менш рабочых. Частку зборачных аперацый з Беларусі пераносілі ў Польшчу і Швейцарыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі