Шматдзетную маці з Пружанскага раёна абвінавачваюць па васьмі артыкулах КК РБ

20/04/2022 - 10:21
Ігар і Юлія Лаптановіч з дзецьмі / Фота з сацсетак

Абвінавачанне па васьмі артыкулах КК РБ прад'явілі жыхарцы Пружанскага раёна, паведамляе Следчы камітэт. У 34-гадовай жанчыны — трое дзяцей, і аднойчы яе ўжо судзілі за ўдзел у пратэснай акцыі ў Брэсце ў верасні 2020 года. Тады ў рамках "карагоднай справы" ёй далі тры гады "хатняй хіміі".

Мяркуецца, што гаворка ідзе пра Юлію Лаптановіч.  Яе муж — актывіст з Пружан Ігар Лаптановіч — таксама быў асуджаны па "карагоднай справе". Суд асудзіў яго на 2,5 гадоў пазбаўлення волі. І Юлія, і Ігар віны тады не прызналі, пісалі праваабаронцы.  

Цяпер жанчына зноў пад вартай. Паводле версіі следства, яна за ўзнагароджанне расказала, хто мае дачыненне да крымінальнага пераследу яе сям'і. Акрамя таго, на яе картку прыходзілі грошы, якія яна затым перадавала пацярпелым ад рэпрэсій.

У выніку "дзеянні шматдзетнай маці кваліфікаваныя па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь", заявілі ў СК. Яе абвінавачваюць у незаконным зборы, прадастаўленні і распаўсюдзе інфармацыі пра персанальныя дадзеныя іншай асобы без яе згоды (ч.3 арт. 203-1), паклёпе (арт. 188), дапамозе ў пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі (ч.6 арт. 16 і ч.1 арт. 366), стварэнні ўмоў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады (ч.1 арт. 13 і арт. 369), стварэнні ўмоў для здзяйснення пагрозы гвалтам у дачыненні да суддзі (ч.1 арт. 13 і арт. 389) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4).

У СК кажуць, што расследаванне завершанае, і матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Праваабаронцы прызналі Ігара і Юлію Лаптановічаў палітзняволенымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі