Сэт "Нейра Дзюбеля" на "Року за Баброў" адменены

04/08/2018 - 12:03

Сэт "Нейра Дзюбеля" на "Року за Баброў" адменены. Гурт мусіў выступаць на буйным мінскім фэсце 4 ліпеня з 13:15 па 13:45, паміж "J:МОРС" і "Дай дарогу!". Але пад канец сэта "J:МОРС" на сцэну выйшаў вядоўца фестываля Аляксандр Памідораў і паведаміў гледачам пра смерць лідара "Нейра Дзюбеля" Аляксандра Кулінковіча.

"Зараз на гэтай сцэне мусіў з'явіцца гурт "Нейра Дзюбель". На жаль, гэтага не адбудзецца. Сёння раніцай Аляксандр Кулінковіч памёр у 3-й клінічнай лякарні Мінска. На жаль, гэта праўда", — сказаў Памідораў.

Гледачы ўшанавалі памяць артыста хвілінай маўчання. А "J:МОРС", якія ў той час яшчэ знаходзіліся на сцэне, праспявалі ў гонар Кулінковіча свой хіт "Не умирай".

Аляксандр Кулінковіч памёр раніцай 4 жніўня ад раптоўнай пнеўманіі. Напярэдадні музыка адчуў сябе дрэнна і выклікаў "хуткую". Дактары суткі бароліся за яго жыццё, але выратаваць не змаглі.

Кулінковічу было 46 гадоў. У 1989 годзе ён разам з сябрамі заснаваў галоўны праект свайго жыцця — гурт "Нейра Дзюбель". Кулінковіч быў аўтарам тэкстаў і франтменам гэтага гурта, які аказаў вялікі ўплыў на некалькі пакаленняў беларусаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі