СБУ заяўляе аб спробе замаху на Зяленскага, Буданава і іншых кіраўнікоў Украіны

07/05/2024 - 12:44

СБУ паведамляе, што прадухіліла замах на Зяленскага / СБУ

Служба бяспекі Украіны заяўляе, што выкрыла расійскую агентурную сетку, якая рыхтавала замахі на прэзідэнта і шэраг прадстаўнікоў вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы.

"Рэалізаваць планы павінна была агентурная сетка, якую загадзя выкрыла Служба бяспекі Украіны пры садзейнічанні кіраўніцтва Упраўлення дзяржаўнай аховы. У склад сеткі, дзейнасць якой ФСБ курыравала з Масквы, уваходзілі два палкоўнікі упраўлення Дзяржаховы, якія "злівалі" сакрэтную інфармацыю РФ", — гаворыцца ў паведамленні СБУ.

Дзеля замаху на Уладзіміра Зяленскага, як заяўляе спецслужба, выканаўца шукалі сярод вайскоўцаў, набліжаных да аховы прэзідэнта. Кіраўніка Украіны планавалася ўзяць у закладнікі, а потым — забіць.

"Акрамя Зяленскага вораг планаваў ліквідаваць кіраўніка СБУ Васіля Малюка, кіраўніка ГУР Кірыла Буданава ды іншых высокапастаўленых чыноўнікаў", — сцвярджаюць у СБУ.

Затрыманыя палкоўнікі Дзяржаховы, як паведамляецца, не толькі перадавалі прадстаўнікам расійскай спецслужбы канфідэнцыйную інфармацыю, але таксама падрыхтавалі і хавалі сродкі і прылады для ўчынення тэракта. Адзін з іх атрымаў ад прадстаўнікоў ФСБ РФ два FPV-дроны і два боепрыпасы да іх. Ён павінен быў перадаць гэтыя апараты іншым саўдзельнікам для арганізацыі выбуху.

Замах планавалася ўчыніць у адным з прыватных дамоў на тэрыторыі Кіеўскай вобласці. Там нібыта мусіў знаходзіцца ўкраінскі высокапастаўлены чыноўнік. Аднак, як рапартуе СБУ, тэракт удалося прадухіліць.

Падчас ператрусаў дома ў затрыманых выявілі рэчы і дакументы з доказамі злачыннай дзейнасці. 

СБУ паведамляе, што прадухіліла замах на Зяленскага / СБУ
СБУ паведамляе, што прадухіліла замах на Зяленскага / СБУ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі