“Саюзная рашучасць” як прадвеснік страты незалежнасці. Што чакае Беларусь?

18/02/2022 - 11:16

Існуе меркаванне, што вучэнні “Саюзная рашучасць” не скончацца проста вывадам расійскіх войскаў. Маўляў, на фоне напружаных адносін Расіі і Украіны нешта павінна адбыцца ў беларускім палітычным полі. Напрыклад, замацаванне стратэгічных пазіцый “старэйшага брата”, што можа стаць пагрозай беларускаму суверэнітэту.

Чым скончыцца для Беларусі неспакойная зіма 2022 года?

— У бліжэйшай перспектыве мы будзем назіраць працяг дэканструкцыі беларускай дзяржаўнасці, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. — Гэтаму будуць спрыяць як палітыка Лукашэнкі, так і імперская дзейнасць Расіі. Відавочна, што Расія цалкам зацікаўлена ў тым, каб кантраляваць Беларусь як геапалітычную прастору. У далёкасяжнай перспектыве змены ў краіне рэалізаваць будзе цяжка, калі яна будзе знаходзіцца ў сістэме каардынат і палітычнага кантролю Расіі.

— Калі ў Расіі атрымаецца рэалізаваць стратэгічную і палітычную інтэграцыю, то яна будзе інтэнсіўна праводзіць палітыку русіфікацыі, — дае несуцяшальны прагноз Павел Усаў. — Фактычна ператворыць Беларусь у Крым. Не ў сэнсе яе далучэння да тэрыторыі Расіі, а ў сэнсе рэалізацыі русіфікатарскай палітыкі ўнутры Беларусі. Дэмантаж усіх нацыянальных інстытутаў, знішчэнне ўсіх элементаў нацыянальнай культуры, нацыянальнага руху і свядомасці.

Гэта паўтарэнне таго, што было ў Беларусі пасля паўстання ў лістападзе 1831 года ці паўстання 1863 года. Знішчэнне беларускасці як жыццёвай сілы на гэтых тэрыторыях. Адпаведна, толькі крызіс у самой Расіі, разбурэнне яе ўнутраных палітычных інстытутаў можа даць Беларусі магчымасць зноў адбудаваць сваю незалежнасць, — лічыць палітолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі