Самалёт Flydubai, ілюстрацыйнае фота / airport.by
Самалёт Flydubai, што ляцеў з Дубая ў Тэль-Авіў, перадаў сігнал бедства. На яго борце было больш за 180 чалавек.
Прыкладна праз паўтары гадзіны пасля вылету экіпаж перадаў на зямлю код, які выкарыстоўваецца для абазначэння захопу самалёту. Над Іярданіяй авіялайнер рэзка змяніў курс і накіраваўся ў бок Саудаўскай Аравіі. У Ізраілі склікалі тэрміновую нараду сілавікоў для абмеркавання надзвычайнай сітуацыі.
Неўзабаве борт прызямліўся ў Саудаўскай Аравіі. Высветлілася, што сігнал быў пададзены з прычыны бойкі паміж першым і другім пілотамі.
У ізраільскіх СМІ паведамляюць, што адзін з пілотаў быў расійскага паходжання, а другі — украінскага. Пазней з'явіліся звесткі, быццам адзін пілот быў грамадзянінам ААЭ, а другі — аманцам.
Нібыта адзін з лётчыкаў перавёў самалёт у ручное кіраванне і пачаў рэзкае зніжэнне. Другі з дапамогай ізраільскіх пасажыраў спрабаваў яму перашкодзіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут