Салдат ЦАХАЛ: "Цяпер страляюць па нас. І ты сядзіш, чакаеш — прыляціць ці не?"

01/11/2023 - 06:59

Байцы ЦАХАЛ, фота ілюстрацыйнае / Shay Wagner

Пяхотнік ЦАХАЛ Томі проста цяпер знаходзіцца ў ста метрах ад ліванскай мяжы (у Ліване дзейнічае групоўка "Хезбала"). Адразу за памежным плотам — ліванская вёсачка. Адтуль у Томі і яго падраздзяленне стралялі.

Апошнія тры тыдні Томі жыве тут, на самай мяжы Ізраіля, у невялікім населеным пункце. Тут няма ніводнага цывільнага — толькі вайскоўцы. Усіх жыхароў з дзесяцікіламетровай памежнай зоны перасялілі ў больш бяспечныя месцы.

Калі надоечы я вяртаўся на базу, было ўжо позна. Мы ехалі шашой праз суседні горад, і ён быў цалкам цёмным. Вакол — шматпавярховікі, але ні ў адным не гарыць святло. Горад-прывід, толькі блок-пасты з салдатамі — людзей эвакуявалі. Выглядае гэта даволі жудасна, — расказвае нам Томі.

Калі мы напісалі яму 7 кастрычніка, Томі папрасіў адкласці інтэрв'ю да "пасля вайны". Чакання, што так раптоўна распачатая вайна хутка скончыцца, не было ўжо тады — але яшчэ было неразуменне, што наогул адбываецца. Томі кажа, што параўнаць гэта можна хіба што з 24 лютага ва Украіне.

 

“Камандзір напісаў у ватсапе: праз пару гадзін будзь там і там”

А 6 кастрычніка быў вельмі нядрэнны дзень, успамінае Томі. Ён схадзіў з сябрамі ў паход, вярнуўся — і праспаў паўдня. А ўвечары зноў сустрэўся з сябрамі і прасядзеў з імі да чатырох раніцы.

А ўжо ў 8 раніцы мяне разбудзіў сябар: сказаў, што пачалася нейкая херня. Мы не чакалі, што такое можа здарыцца, хоць і прывыклі да вайны, прывыклі да абстрэлаў. Але не да таго, што цябе могуць абудзіць і сказаць, што тэрарысты ўзялі закладнікаў, што тэрарысты ездзяць па горадзе на машынах і расстрэльваюць людзей.

Мірны дзень 6 кастрычніка / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё

Тады я ўпершыню ўбачыў такую колькасць рэзервістаў — не маладых лысых салдат тэрміновай службы, а дарослых мужыкоў 30-40 гадоў. Усе прыехалі з цывільнага жыцця.

Хоць я пяхотнік і адношуся да баявых войскаў, мяне павінны былі прызваць, толькі калі б нешта здарылася на поўначы, на мяжы з Ліванам. У крайнім выпадку я думаў, што прызавуць, калі трэба будзе закрыць "дзіркі" на поўдні.

Але сітуацыю ацанілі інакш. Імаверна, меркавалі, што іранскія групоўкі — а яны знаходзяцца ў Іраку, Ліване і Сірыі — могуць падаць голас. І была імавернасць, што яны таксама зойдуць на нашы тэрыторыі і паспрабуюць захапіць населеныя пункты. Таму нас у першы ж дзень паслалі на поўнач.

Цяпер мы тут практычна нікога не атакуем. Страляюць па нас. І ты сядзіш, чакаеш — прыляціць па табе ці не? І ў гэтым усё напружанне: ты не ведаеш, чаго чакаць, не ведаеш, калі гэта скончыцца. Не ведаеш, што будзе з паўночнай мяжой — а яна паволі разаграваецца. Ужо цяпер пастаянна бамбяць.

Так, усё яшчэ не так, як на поўдні, — там ужо пачынаецца наземная аперацыя. Але тут таксама ўвесь час лётаюць ракеты, падаюць бомбы. Па нас пастаянна працуюць СТКРы (супрацьтанкавыя ракеты) і мінамёты.
 

“Больш за ўсё хацеў паспаць без адзення ў сваім ложку”

Надоечы Томі змог паўтара дня правесці дома папярэднія тры тыдні быў на пазіцыях. Ехаць на адпачынак нават пабойваўся прадчуваў, што будзе складана зноў вяртацца да ролі салдата.

Больш за ўсё хацеў паспаць без адзення ў сваім ложку. Мы тут сядзім 24 гадзіны ў суткі ў чаравіках армейскіх і ў рыштунку. Я не перабольшваю, нам нельга гэта здымаць. І вось калі ты тры тыдні сядзіш потны, брудны — а зіма ў нас яшчэ не пачалася, тут +30, — то больш за ўсё хочаш зняць гэты рыштунак і легчы ў чысты ложак.

У плане ежы ў нас усё ў парадку. Мы вайсковай ежы не ядзім, нам цывільныя прывозяць і хатнюю ежу, і рэстаранную.

Калі Томі ехаў дадому, думаў, што прабавіць шмат часу з сябрамі. Але аказалася, што ён занадта хоча спаць.

Я прыехаў у пятніцу раніцай, а ў суботу пасля абеду ўжо трэба было вяртацца на базу. Думаў, сустрэнуся з сябрамі ў пятніцу ўвечары, але пакуль разабраўся з усімі справамі — схадзіў у краму, пастрыгся — было ўжо тры гадзіны дня. Думаў, пасплю пару гадзін і прачнуся да сустрэчы, а прачнуўся каля паўночы. З сябрамі сустрэўся толькі наступнай раніцай.

Хайфа / pixabay

Томі жыве ў Хайфе — гэта горад на поўначы Ізраіля.  Калі ён ішоў у форме па вуліцы, на яго ледзь звярталі ўвагу. Горад жыў сваім жыццём. Калі сядзеў на прыпынку і чакаў сябра, з якім павінен быў ехаць на базу, усё было інакш.

Шмат машын, праязджаючы міма, сігналілі і казалі добрыя словы. Потым пад'ехалі дзве дзяўчыны, спыталі, колькі я тут буду сядзець. Я адказаў — хвілін 30-40. Яны: акей, мы пад'едзем і прывязем табе нішцякоў. Вярнуліся з піцай і колай.

Хлопцы расказвалі, што часам у кавярні маглі бясплатна пачаставаць. У цырульні — не ўзяць грошай.

На базу нам часта прывозяць ахвяраванні — ежу, прадметы асабістай гігіены. Рыштунак сталі прывозіць — і форму, і каскі, і разгрузкі, і бронекамізэлькі. У мінулых аперацыях не памятаю, каб падвозілі рыштунак. Цяпер, відаць, прызвалі вельмі шмат людзей, і ўвесь найлепшы рыштунак адправіўся на поўдзень.

І так, калі вярнуўся на базу, спачатку насамрэч было няпроста зноў увайсці ў ролю салдата. Я паспеў зноў уцягнуцца ў цывільнае жыццё за тыя паўтара дня, што ў мяне былі.

Першы тыдзень Томі пастаянна сядзеў у тэлеграме, чытаў навіны. Цяпер таксама чытае але менш.

З хлопцамі часцей гаворым пра дробязі. Ці пра справу: што рабіць, калі на нас нападуць, калі будуць абстрэльваць.

— А гуманітарную катастрофу ў Газе абмяркоўваеце?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі