Румас: Антыкрызісны план урада на час каранавіруса практычна гатовы

26/03/2020 - 17:08

Беларускі ўрад распрацаваў комплекс мер па забеспячэнні стабільнай работы эканомікі. Пра гэта на пасяджэнні Прэзідыума Савета міністраў 26 сакавіка заявіў кіраўнік урада Сяргей Румас.

Ён згадаў, што эканамічная сітуацыя ў свеце імкліва мяняецца ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса. "Бягучае становішча спраў у сусветнай эканоміцы ўжо атрымала трапнае вызначэнне "цунамі эканамічнага разбурэння". Беларусь, нягледзячы на ​​кантраляваную абстаноўку па распаўсюдзе крарнавіруса, не засталася ўбаку ад эканамічнага шторму", — перадае прэс-служба Саўміна словы прэм'ер-міністра.

Румас адзначыў, што некаторыя галіны апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі: не працуюць традыцыйныя лагістычныя ланцужкі, кантракты не выконваюцца. Працэс пакуль яшчэ толькі нарастае, і калі ён закончыцца — невядома. У такіх умовах бізнес чакае падтрымкі з боку дзяржавы. 

Пакет антыкрызісных мер па даручэнні ўрада распрацавала Міністэрства эканомікі разам з зацікаўленымі. Гэтыя меры абмеркаваныя з Нацбанкам і Адміністрацыяй прэзідэнта. 

"У цэлым пазіцыі ўдзельнікаў па прапанаваным наборы мер істотна зблізіліся, і мы выйшлі на ўзгодненыя рашэнні. Спрэчных пытанняў практычна не засталося", — падкрэсліў прэм'ер.

Шэраг мер патрабуе ўзгаднення ў кіраўніка дзяржавы. Адпаведныя прапановы будуць перададзеныя Аляксандру Лукашэнку

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі