Рубель трэці дзень сур'ёзна падае. Што адбываецца на валютным рынку

05/01/2022 - 15:21
Што адбываецца з рублём? / Еўрарадыё

Новы год для беларускага рубля пачаўся з падзення. Тры дні ён здае пазіцыі ў адносінах да долара і еўра. Эксперты кажуць, што ў такіх паводзінаў нацвалюты чыста знешнія прычыны.

Вадзім Іосуб, старшы аналітык "Альпары Еўразія", адзначае, што зніжэнне беларускага рубля на самай справе досыць умеранае.

— Кошт валютнага кошыка з пачатку года вырас на 0,6%. Гэта, у прынцыпе, не вельмі шмат для нашай нацыянальнай валюты і не вельмі дзіўна, — кажа аналітык. — Вялікая дынаміка назіраецца, калі глядзець на асобныя валюты. Долар з пачатку года вырас на 1,6%, еўра — на 1,5%. Затое расійскі рубель знізіўся ў адносінах да беларускага на 0,3%. Апошняе, у сваю чаргу, звязана з тым, што расійскі рубель моцна падае да замежных валют. Калі паглядзець дынаміку крыху шырэй — захапіць апошні пераднавагодні тыдзень, то відаць, што ў Расіі за гэты час долар вырас з 73 да амаль 76 расійскіх рублёў, або на 4%. І праз такую дынаміку замежных валют да расійскага рубля ў нас долар і еўра актыўна растуць, а расійскі рубель зніжаецца.

Наконт таго, ці можна спрагназаваць паводзіны беларускага рубля на найбліжэйшую перспектыву — ці працягне ён падаць або пачне расці, Вадзім Іосуб кажа, сказаць дакладна нічога нельга.

— Трэба спачатку разабрацца з прычынамі. Тут ланцужок вось які. У нас долар расце да беларускага рубля таму, што ён мацнее да расійскага рубля. Долар моцна расце да расійскага праз падзеі вакол Украіны.

З аднаго боку, там адбываецца эскалацыя, з другога — краіны Захаду дакладна далі зразумець, што ў выпадку агрэсіі Расіі да яе будуць ужытыя самыя жорсткія эканамічныя санкцыі. І на фоне гэтых папярэджанняў расійскі рубель і падае. Іншых прычын няма, улічваючы, што нафта таргуецца дастаткова стабільна.

Гэта значыць, каб зразумець дынаміку амерыканскай валюты да беларускай, трэба дакладна разумець, будзе агрэсія Расіі ва Украіне або не. А развіццё падзей на расійска-ўкраінскай мяжы спрагназаваць досыць цяжка. Зыходзячы з гэтага, складана прагназаваць паводзіны замежных валют да беларускага рубля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі