Чытаць болей: Не давярайце ўсяму, што пішуць. Хімік тлумачыць, як правільна выбраць SPF
На думку Бесараба, склад, які пішуць на пакетах з парашком, абсалютна неінфарматыўны.
— Каб сапраўды разабрацца, што за парашок перад намі, трэба глядзець пратаколы яго бяспекі ў інтэрнэце. А тое, што ўказваюць на ўпакоўцы, — гэта не раўнуючы, калі б там наогул нічога не было напісана.
Хімік звяртае ўвагу на тое, што ў складзе расійскага "Персіла" ёсць мыла і фарбавальнікі, а ў польскім — цэаліты і полікарбаксілаты.
— Усе гэтыя кампаненты ніяк не ўплываюць на якасць мыцця. У прыватнасці, цэаліты і полікарбаксілаты адказваюць толькі за выдаленне накіпу, робяць ваду больш мяккай.
Пра тое, ці можа пральны парашок выклікаць алергію, сказаць, гледзячы на склад, амаль нічога немагчыма.
— Хіба што ў Еўропе на патрабаванне Еўракамісіі трэба расшыфроўваць, якія менавіта парфумерныя рэчывы ўваходзяць у склад парашка, калі ёсць кампаненты, якія могуць мець алергенагенны патэнцыял, — пра іх пішуць. У расійскіх жа можна толькі гадаць, што менавіта ўваходзіць у склад парфумернай кампазіцыі.
Калі цяжка даведацца пра склад, то цяжка і сказаць, ці няма там у тым ліку патэнцыйна небяспечных рэчываў.
Розніца — у тры разы
Галоўныя кампаненты, якія ўваходзяць у склад пральных парашкоў — аніённыя і неіёнагенныя ПАР (павярхнева-актыўныя рэчывы), — на першы погляд у расійскім і ў польскім варыянце не адрозніваюцца. Але, па словах Бесараба, тут можа быць пара важных нюансаў.
— Тыя ж неіёнагенныя ПАР у Расіі, хутчэй за ўсё, вырабляюць на Дзяржынскім хімічным заводзе, а еўрапейцы, магчыма, выкарыстоўваюць тыя, што выпускаюць на заводах AkzoNobel. Розніца ў якасці паміж імі проста каласальная.
Другі момант — гэта ўтрымліванне аніённых ПАР. У абодвух варыянтах напісана, што яно складае ад 5 да 15%.
— На якасць мыцця будзе ўплываць і тое, што расіяне, можам здагадацца, кладуць 5%, а палякі — 15%. І тое, і другое падыходзіць для продажу, але розніца — у тры разы. І робіцца гэта дзеля эканоміі.
Парашкі — гэта не пра хімію
На думку эксперта, сучасныя пральныя парашкі — гэта квінтэсенцыя маркетынгу. А хімія — на другім плане.
— Велізарныя грошы ідуць на рэкламу. Калі хаця б трэцяя іх частка ішла на хімічныя даследаванні, то якасць пральных парашкоў была б на парадак вышэйшай. А так — што было 70 гадоў таму, тое і засталося.
Сёння пажадана выбіраць парашок, які не ўтрымлівае парфумаў і фарбавальнікаў.
— Адсутнасць гэтых кампанентаў у складзе — індыкатар таго, што парашок якасны. Калі марка вядомая і так і лезе вам у вочы — такі парашок вам непатрэбны. Чым парашок даражэйшы і чым больш ён разрэкламаваны, тым горшы будзе яго склад.
Таму я раю шукаць невялікія і малавядомыя брэнды, якія толькі заяўляюць пра сябе. У Беларусі іх знайсці складаней, паколькі ўся прыватная вытворчасць практычна знішчаная, а ў ЕС адшукаць цалкам рэальна.