НІСЭПД: Рэйтынг Лукашэнкі знізіўся, за яго гатовыя галасаваць толькі 27,3%

29/03/2016 - 10:36

Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі знізіўся. Пра гэта сведчаць вынікі сакавіцкага апытання грамадскай думкі, якое правёў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Сёння за Лукашэнку гатовыя прагаласаваць толькі 27,3%. Між тым, у верасні 2015 года яго падтрымлівалі 45,7% беларусаў, а ў снежні — 33,3%. Сацыёлагі нагадваюць, што больш нізкія электаральныя паказчыкі кіраўнік дзяржавы меў толькі ў сакавіку 2002 года (26,4%) і ў верасні 2011 года (20,5%).

Паводле звестак НІСЭПД, знізіўся і рэйтынг даверу Лукашэнку. Цяпер яму давяраюць 41,7% апытаных, не давяраюць —47,4%. У верасні 2015-га гэтыя лічбы складалі 47% і 37,1%.

За захаванне цяперашняга становішча выступаюць толькі 24,7%, а за перамены — 67.3%.

Праўда, і патэнцыял пратэсту застаецца невысокім. У апазіцыі да ўлады сябе лічаць 18% апытаных. Напрыклад, у чэрвені крызіснага 2011 года гэтая лічба складала 25,8%.

З апазіцыйных лідараў набольшы рэйтынг мае Таццяна Караткевіч: за яе гатовыя галасаваць цяпер 6,9% апытаных. У кастрычніку 2015-га гэты паказчык складаў 15,7%. Другім па папулярнасці стаў Мікалай Статкевіч, у якога рэйтынг складае 2,9%. Астатнія апазыцыйныя палітыкі маюць рэйтынг меншы за 1%.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі