Рэпетытарам дазволяць працаваць пасля ўнясення ў дзяржрэестр

22/05/2026 - 10:40

Настаўніца, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com

На грамадскае абмеркаванне вынесены праект пастановы Саўміна "Аб рэестры фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць па навучанні дзяцей". Міністэрства адукацыі праводзіць абмеркаванне дакумента на Прававым форуме па 1 чэрвеня.

У пастанове прадугледжваецца, што рэпетытарствам можна будзе займацца толькі пасля пасля ўключэння чалавека ў спецыяльны рэестр. Дзейнасць без уключэння ў рэестр забараняецца.

Ведамства не хавае, што гэтае новаўвядзенне скіраванае ў першую чаргу супраць людзей, якія пацярпелі ўжо ад палітычных рэпрэсій. Цяпер іх хочуць пазбавіць магчымасці зарабляць на жыццё рэпетытарствам:

"Прыняцце праекта пастановы дазволіць мінімізаваць магчымасць ажыццяўлення самастойнай прафесійнай дзейнасці па навучанні дзяцей фізічнымі асобамі, у дачыненні да якіх уступіў у законную сілу абвінаваўчы прысуд суда за здзяйсненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 139, 145-147, 154, часткамі 2 і 3 артыкула 165, артыкуламі 166 — 172, часткай 2 артыкула 173, артыкуламі 181 — 182, 187, 327 — 329, 331, 332, 342-1, 343, 343-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, незалежна ад зняцця або пагашэння судзімасці, а таксама аказання паслуг настаўніка-дэфектолага, настаўніка-лагапеда, тыфлапедагога, сурдапедагога, алігафрэнапедагога асобамі, якія не маюць адпаведнай адукацыі".

Мяркуецца, што пастанова набудзе моц праз тры месяцы пасля яе публікацыі.

Раней такі ж дзяржрэестр быў уведзены для арганізатараў культурна-масавых мерапрыемстваў. У выніку гэтым летам быў адменены шэраг фэстаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі