Што чакае беларускую армію — галоўнае з інтэрв'ю міністра Раўкова

18/02/2019 - 14:43
Sb.by

У праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" міністр абароны, генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў распавёў, што чакае у 2019 годзе беларускае войска. Еўрарадыё сабрала асноўныя тэзісы яго інтэрв'ю.

Карэкціроўка плана абароны Беларусі

У 2019 годзе Міністэрства абароны абавязанае па тэрмінах скарэктаваць план абароны Беларусі, які будзе дзейнічаць з 2020 па 2024 гады:

"Такая праца ўжо распачатая, яна вядзецца, і да канца года кіраўніку дзяржавы будзе прадстаўлены ўдакладнены план абароны краіны. Ён будзе ў поўным аб'ёме прадугледжваць усе палажэнні новай ваеннай дактрыны прынятай ў 2016 годзе".

Вайсковыя вучэнні

У 2019 годзе плануецца шэраг мерапрыемстваў з удзелам беларускіх узброеных сіл:

"Удзел у сумесных вучэннях з Расійскай Федэрацыяй "Шчыт Саюза-2019", якія пройдуць на тэрыторыі Расіі. Удзел у забеспячэнні бяспекі правядзення другіх Еўрапейскіх гульняў. Падрыхтоўка і правядзенне парада ў гонар 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І шэраг іншых сумесных мерапрыемстваў у межах Саюзнай дзяржавы і АДКБ".

Дапрызыўную падрыхтоўку ў школе вядуць тыя, хто не служыў у войску

Міністэрства абароны сумесна з Міністэрствам адукацыі, аказваецца, цяпер вельмі шчыльна працуе па пытанні ўдасканалення дапрызыўнай падрыхтоўкі:

"Мы прымаем усе меры, каб была ў наяўнасці тая вучэбна-матэрыяльная база, якая дазваляла б рыхтаваць юнака ў тым ліку да службы ў войску. Сумесна з Мінадукацыі мы робім усё магчымае, каб укамплектаваць пасады настаўнікаў-прадметнікаў, якія вядуць дапрызыўную падрыхтоўку ў школах, якія здольныя гэта рабіць. Але з гэтым складаней. Не кожны ваенны — настаўнік і выкладчык".

Аказалася, што вялізны працэнт выкладчыкаў дапрызыўнай падрыхтоўкі нават не служылі ў войску:

"З 2,5 тыс. школ у Беларусі вельмі малая доля, нават саромеюся назваць гэты працэнт, укамплектаваная выкладчыкамі, якія хаця б служылі ў войску".

Льготы для тых, хто адслужыў, і абавязковая воінская уліковая спецыяльнасць для тых, хто атрымаў адтэрміноўку

Міністр абароны заявіў, што з'явяцца льготы для тых, хто прайшоў тэрміновую службу ў войску альбо ў рэзерве:

"Каб чалавек, які прайшоў ваенную службу, у дачыненні да тых маладых людзей, якія ўхіляліся ці ўхіляюцца ад службы, меў перавагу пры паступленні пры роўных балах, пры засяленні ў інтэрнат, пры размеркаванні".

Для тых, хто атрымаў адтэрміноўку, рыхтуецца прапанова, каб яны абавязкова атрымалі вайсковую спецыяльнасць:

"Для людзей, якія законным чынам атрымліваюць адтэрміноўку для атрымання адукацыі, мы рыхтуем прапанову, каб яны абавязкова атрымалі вайсковую уліковую спецыяльнасць".

Памяншэнне колькасці прызыўнікоў

Па словах міністра Раўкова, ёсць дзве сур'ёзныя прычыны змяншэння колькасці прызыўнікоў:

"Першая прычына — дэмаграфічная. На пачатку 2000-х гадоў у нас быў лішак прызыўных рэсурсаў. За апошнія гадоў дзесяць у нас у два разы зменшылася колькасць прызыўнікоў, якія прыпісваюцца ў ваенных камісарыятах.

Другая праблема — сур'ёзная каштоўнасная пераарыентацыя людзей. Свет становіцца больш прагматычным. Роля абаронцы Радзімы як сацыяльная роля памяншаецца да таго разумення, што чалавек уяўляе армію проста як атрыбут дзяржавы, што яна такая існуе, але гэта без яго".

"84% маладых людзей лічаць, што войска дало ім толькі пазітыў"

Па дадзеных Раўкова, усяго 16% з тых, хто адслужыў, лічаць, што войска дало ім не толькі пазітыў:

"Мы рэгулярна адсочваем думкі маладых людзей, праводзім анкетаванне тых маладых людзей, якія сыходзяць са службы. І 84% маладых людзей, па крайнім анкетаванні, лічаць, што войска дало ім толькі пазітыў. Яны сталі больш дужымі, мужнымі, яны зразумелі, як кантактаваць з людзьмі і якія ёсць праблемы ў зносінах. Яны гатовыя да дарослага жыцця, да грамадзянскага жыцця".

Праверка боегатоўнасці Беларусі

У Беларусі у 2019 годзе працягваецца праверка боегатоўнасці арміі:

"Для ваеннага чалавека, вайна — гэта экзамен. Ён можа ніколі не наступіць, але да яго ваенны чалавек і арганізм ваеннага павінен быць пастаянна гатовы.

Асноўныя задачы звязаныя з прымяненнем авіяцыі, радыётэхнічнымі войскамі і радыёлакацыйнымі воінскімі часцямі, якія выконваюць задачы аховы і разведкі ў паветранай прасторы. Задачы сродкаў спецыяльных, неадкладнага рэагавання і хуткага разгортвання. Гэта сілы, якія мы ў мірны час трымаем у невялікім складзе, а ў ваенны час мы шляхам прызыву з запасу і паставак тэхнікі з народнай гаспадаркі павялічваем ў памерах у дзясяткі-сотні разоў. Мы правяраем пытанні прызыву з запасу, пастаўкі людзей і матэрыяльных сродкаў. Фарміраванне і зладжванне гэтых воінскіх часцей і злучэнняў, іх уменне выконваць задачы".

"IT-роты вочы гараць, конкурс у яе — восем чалавек на месца"

Аб стварэнні беларускай IT-роты Раўкоў абвясціў яшчэ ў лютым 2018 года. Тады заяўлялася, што IT-байцы будуць займацца ў першую чаргу праграмаваннем і ўдзельнічаць розных праектах Ваеннай акадэміі:

"Літаральна на днях быў у гэтай роце. У хлопцаў вочы блішчаць, настроеныя на працу. Яны займаюцца пытаннямі вытворчасці праграмнага забеспячэння, распрацоўкай прыкладных і спецыяльных задач, якія можна выкарыстоўваць пры эксплуатацыі тэхнікі, баявых сродкаў паражэння і ў навучанні асабістага складу. У нас у Беларусі вельмі шмат добрых IT-спецыялістаў, і, каб гэтыя спецыялісты маглі прайсці службу ў войску і не гублялі сваю спецыяльнасць і навыкі, мы прапанавалі такі варыянт. Конкурс быў дзесьці восем чалавек на месца".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі