Расію прызналі датычнай да збітага Боінга. "Наступствы закрануць і Беларусь"

28/09/2016 - 17:43

Міжнародная камісія па раследванні крушэння малайзійскага Боінга пад Данецкам абвінаваціла Расію ў датычнасці да збіцця самалёта.

Асноўныя высновы следства:

— Боінг быў збіты з "Бука";

— "Бук" быў прывезены ва Украіну з Расіі;

У следчых існуе спіс са ста падазраваных у датычнасці да крушэння, але іх імёны не разгалошваюцца, бо расследванне працягнулі да 2017 года. Сваю версію спіса падазраваных публікавала група расследавальнікаў Bellingcat. Там таксама каля сотні імёнаў ад кіроўцы БУКа да Пуціна і Шайгу.

Калі афіцыйнае следства пацвердзіць гэту версію, то гэта будзе мець сур'ёзныя наступствы для Расіі і закране Беларусь, лічыць палітолаг Арсеній Сівіцкі.

 

Якім чынам?

Міжнародная супольнасць будзе аказваць ціск на Расію і яе кіраўніцтва. Могуць быць пашыраныя санкцыі супраць Расіі. 

Расія будзе ўсё больш ізалявацца ад знешняга свету і будзе спрабаваць ізаляваць краіны з зоны свайго ўплыву, у якую ўваходзіць Беларусь.

"Ціск на Беларусь і так сур'ёзны з боку Расіі і ён будзе ўзмацняцца. Мэта яго – уцягнуць Беларусь у супрацьстаянне паміж Расіяй і Захадам, якое, хутчэй за ўсё, будзе нарастаць", — кажа Арсеній Сівіцкі.

Фактычна Расію абвінавацілі ў аказанні дапамогі незаконным вайсковым фармаванням. І гэта ў горшым выпадку могуць трактаваць як дапамогу тэрарыстам. З-за чаго статус Расіі ў Савеце бяспекі ААН можа быць пастаўлены пад сумнеў ці адазваны.

"А ў такім выпадку адкрываецца дарога для ўвядзення санкцый ААН, як было адносна Ірака ці Паўночнай Карэі".

Афіцыйнае следства пакуль раскрыла імёны толькі двух падазраваных, прозвішчы якіх яно не ведае. Гэта Андрэй Іванавіч з пазыўным “Арыён” і Мікалай Фёдаравіч з пазыўным “Дэльфін”. Запіс тэлефонных перамоваў гэтых двух асобаў апублікавалі следчыя.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі